Сёньня Аляксандар Лукашэнка паставіў ураду задачу — за пяць гадоў наблізіць узровень разьвіцьця малых і сярэдніх гарадоў да ўзроўню сталіцы. Пра гэта было афіцыйна абвешчана на спэцыяльным паседжаньні ў кіраўніка дзяржавы, дзе разглядалі праект выкананьня дзяржаўнай комплекснай праграмы разьвіцьця рэгіёнаў.

Аляксандар Лукашэнка скрытыкаваў урад і асабіста прэм’ера Сяргея Сідорскага за нерацыянальнае выкарыстаньне сродкаў на гэтыя мэты:

Лукашэнка: «Мы павінны ўзьняць, рэанімаваць, прывесьці да жыцьця ўсе малыя гарады — я яшчэ раз падкрэсьліваю: гэта прыкладна да 50 тысяч насельніцтва. Як бы ні было цяжка, гэта трэба зрабіць. І пераважна зрабіць прыкладна ў гэтай пяцігодцы».

Паводле Лукашэнкі, жыхары Беларусі гавораць, што пакуль нармальна можна жыць толькі ў Менску ды буйных гарадах. І таму галоўная задача — «падцягнуць узровень жыцьця, умовы працы і быту да сталічнага ўзроўню».

Старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа гаворыць, што ў рэгіёнах сапраўды цяжка працаўладкавацца. Слабы малы бізнэс не спрыяе стварэньню новых працоўных месцаў. А рост цэнаў на энэрганосьбіты робіць пэрспэктыву рэгіёнаў яшчэ горшай, а ў асобных месцах нават катастрафічнай. Таму, на думку спадара Патупы, асаблівая ўвага да правінцыі патрэбная:

Патупа: «Але трэба разумець, што рэальна актыўнасьць у малых гарадах залежыць ад агульнай шчыльнасьці бізнэсу ў краіне. Трэба павялічваць колькасьць прыватных структураў. А яны потым натуральным чынам пачнуць сыходзіць з буйных гарадоў у малыя гарады, пасёлкі, утвараць філіі. Так было ва ўсім сьвеце».

Што да пяці гадоў для выроўніваньня сытуацыі ў правінцыі са сталіцай, дык прафэсар Патупа лічыць гэты тэрмін маларэальным:

Патупа: «Ня трэба трапляць у старую савецкую пастку пра роўнасьць гораду і вёскі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?