Ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, які знаходзіцца ў калоніі, плануюць перавесці на турэмны рэжым утрымання, паведаміў былы адвакат Аўтуховіча Павел Сапелка.

Паводле яго слоў, на 17 студзеня ў папраўчай калоніі № 5 у Івацэвічах, дзе знаходзіцца Аўтуховіч, прызначана судовае пасяджэнне па змяненні яго рэжыму ўтрымання на турэмны.

Як сказаў Сапелка, 4 студзеня Аўтуховіча нечакана выклікалі ў адміністрацыю калоніі і паставілі перад фактам разгляду пытання пра змяненне рэжыму ўтрымання. Аднак ён быў супраць слуханняў без прысутнасці адваката, таму судовае пасяджэнне было прызначанае на 17 студзеня.

Сапелка адзначыў, што

13 снежня Мікалай Аўтуховіч быў пераведзены ў памяшканне камернага тыпу тэрмінам на месяц.
«Толькі аднаго ўчынення дысцыплінарнай правіннасці пасля змяшчэння ў ПКТ дастаткова, каб зняволенага перавялі ў турму з болей строгімі ўмовамі ўтрымання», — сказаў былы адвакат Аўтуховіча. Паводле яго слоў, у выпадку пераводу ў турму Аўтуховіч адбудзе там увесь тэрмін пазбаўлення волі, прызначаны яму судом. «Ён будзе пазбаўлены звычайных турэмных радасцяў, — абмежаваны ў прагулках, у перадачах, у спатканнях з роднымі», — адзначыў Сапелка.

Нагадаем, у маі 2010 года ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч рашэннем Вярхоўнага суда быў прыгавораны да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму за перавозку і захоўванне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі.

Праваабаронцы лічаць Аўтуховіча палітзняволеным, указваючы на сур’ёзныя працэсуальныя парушэнні, зафіксаваныя падчас суда.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?