У пятніцу быў працягнуты суд над Кастусём Лукашовым. Сьведкі з боку абвінавачаньня нечакана далі паказаньні на карысьць Лукашова.

«Справа, пашытая гнілымі ніткамі, цалкам развалілася. У 1997‑м Кастуся ўжо б выпусьцілі, – кажа Вячаслаў Сіўчык і дадае. – Сёньня часы іншыя». «Няма самой крымінальнай падзеі, якая інкрымінуецца абвінавачанаму», – гаворыць адвакатка Лукашова Валянціна Шыханцова.

29 сакавіка Кастусь Лукашоў забіраў свайго брата Вячаслава Сіўчыка са шпіталю, а невядомыя людзі спартовага целаскладу – як пазьней высьветлілася, міліцыянты – спрабавалі гэтаму перашкодзіць.

Аніводны сьведка (у тым ліку й калега пацярпелага) не пацьвердзілі, што машына, якой кіраваў Канстанцін, зьбіла міліцыянта. Затое многія казалі, што чалавек у цёмным адзеньні, даганяючы аўтамабіль, зваліўся ў бруд.

Сёньня падтрымаць Лукашова прыходзілі Аляксандар Мілінкевіч і Ірына Казуліна, Анатоль Лябедзька і Тацяна Клімава, Барыс Гарэцкі й Зьміцер Касьпяровіч.

Суд які ўжо блізкі да завяршэньня, працягнецца ў панядзелак 19 лютага а 11-й па адрасе Сямашкі, 33.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?