Дамова аб пастаўках цукру ў Расею яшчэ не падпісаная, а пошукі альтэрнатыўных крыніцаў збыту цукру ў ранейшых аб’ёмах пакуль не прыносяць плёну. Тым часам пасяўныя плошчы пад цукровікі скарацілася толькі на 2 працэнты.

Дамова пра пастаўкі цукру ў Расею без праходжаньня абмысловых праверак яшчэ не падпісаная. Мяркуецца, што зроблена гэта будзе цягам лютага. Пакуль пропуск нашага цукру адбываецца праз Траякураўску мытню ў колькасьці 5 вагонаў за суткі з адпаведнай праверкай паходжаньня прадукту. Варта нагадаць, што ў выніку націску Расеі беларускі канцэрн «Белдзяржхарчпрам» вымушаны быў пагадзіцца на падпісаньне самаабмежавальнай дамовы на пастаўку цукру ў бліжэйшыя два гады. Сёлета гэтая лічба складзе 180 тыс. т., у наступным годзе – усяго 100 тыс. тонаў. Пры гэтым міністар сельскай гаспадаркі Расеі Аляксей Гардзееў ня бачыць больш патрэбы ў далейшым супрацоўніцтве зь беларускім бокам, бо на яго думку беларускія вытворцы цукру ня маюць патэнцыялу канкураваць з расейскімі калегамі.

Газэта «Белорусы и рынок» піша пра пошукі новых крыніцаў экспарту беларускага цукру. Кіраўнік «Белдзяржхарчпраму» Іван Данчанка папракнуў вытворцаў цукру ў тым, што тыя ня вельмі настойліва шукалі новых партнэраў у краінах Азіі. Цяпер для маніторынгу сытуацыі ў краінах гэтага рэгіёну будзе створаная новая «Беларуская цукровая кампанія» ў Кыргыстане.

Акрамя таго беларуская дэлегацыя на пачатку лютага пабывала ў Кітаі. Мэтай візыту было вывучэньне гэтага велізарнага рынку – Кітай штогод імпартуе каля мільёна тонаў цукру, агульны аб’ём спажываньня цукру ў гэтай краіне складае больш за 11 мільёнаў тонаў. Аднак на кітайскім рынку трывала замацаваліся вытворцы з Кубы, Аргентыны і Аўстраліі, таму беларусам давядзецца прыкласьці не абы якія высілкі, каб утрымацца тут.

Кітайцы тым часам маюць свае інтарэсы ў Беларусі. Кампанія China Light Industrial Corporation for Foreign Economic and Technical Cooperation выказала жаданьне рэалізаваць у Беларусі шэраг праектаў, сярод якіх стварэньне на базе Скідзельскага цукровага камбінату вытворчасьці паліўнага этанолу з цукровых буракоў.

Тым часам праблемы з экспартам амаль не адбіліся на плянаваных аб’ёмах вытворчасьці. Так, заплянаваны на 2007 г. ураджай цукровікаў складае ня менш чым 3,6 млн т., што на 9,1 працэнта менш за ўровень 2006 г., паведамляе сайт agrobel.by. Пасяўныя плошчы пад цукровікі ў бягучым годзе скароцяцца ўсяго на 2,1 працэнта і складуць 104,7 тыс. га. Не адмаўляецца «Белдзяржхарчпрам» і ад закупак сырцу. Тым больш, што ўвазное мыта паводле Нью‑Ёрскай таварна‑сыравіннай біржы сёлета складае 252 даляры за тону супраць 265 у мінулым годзе.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?