Як расказалі ў кампаніі «Ітэрабелстрой», якая з’яўляецца забудоўшчыкам амбіцыйнага праекта ў Мінску, не выключана, што частка паверхаў жылога хмарачоса «Ветразь» будзе аддадзена пад апартамент-гатэль.

— Першапачаткова мы разглядалі ідэю пра тое, каб пад гатэль аддаць адзін з двух пад’ездаў «Ветразя». Але ўзважыўшы перспектывы і магчымыя нязручнасці, якія выкліча частковае перапрафіляванне жылога дома ў камерцыйны аб’ект, мы ад гэтай ідэі адмовіліся. Сёння з’явіўся іншы варыянт — з некалькіх паверхаў хмарачоса зрабіць апарт-гатэль, — кажа Ігар Русакевіч, першы намеснік генеральнага дырэктара ЗТАА «ІТЭРА-Бел».

Апарт-гатэлі, або апартамент-гатэлі, — новы фармат гатэльнай нерухомасці, што апошнім часам набірае папулярнасць ва ўсім свеце. Асноўнае яго адрозненне ад гатэляў у тым, што замест стандартных варыянтаў размяшчэння ў нумарах пастаяльцам прапануюцца кватэры. Такім чынам у жыхароў апартаментаў з’яўляецца магчымасць сумяшчаць хатні камфорт з даступнасцю гатэльнага сэрвісу. Як правіла, за мяжой апарт-гатэлі размяшчаюцца на верхніх паверхах гатэльных і шматфункцыянальных комплексаў, размешчаных у прэстыжных раёнах горада.

— Калі будзе прынятае канчатковае рашэнне з нагоды размяшчэння апарт-гатэля ў «Ветразі» — пакуль сказаць складана. Магчыма, гэта здарыцца ўжо ў студзені. Сёння ў кампаніі ёсць і прыхільнікі гэтай ідэі, і тыя, што сумняюцца. Але ў любым выпадку як камерцыйны праект гэтая ідэя цалкам можа мець поспех у Мінску, — лічыць Ігар Русакевіч.

Нагадаем, яшчэ ў кастрычніку 2011 года будаўніцтва жылога дома бізнэс-класа «Ветразь» перасягнула стометровую вышыню, а ў лістападзе вяліся работы па ўзвядзенні маналітнага перакрыцця над 31-м паверхам (пентхаўз). Разам са шпілем будынак 32-павярховага хмарачоса ў цэнтры Мінска будзе мець вышыню 133 метры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?