Перагледзець беларускую гісторыю і стварыць сапраўдны нацыянальны пантэон — вельмі цяжкая, але неабходная задача для Беларусі, лічаць актывісты грамадскай кампаніі «Гісторыя, якой няма ў падручніках» і ГА «Беларуская жаночая ліга». Яны разам з экспертамі-гісторыкамі вырашылі складасці свае спісы найвыбітнейшых асобаў, з якіх у хуткім часе і будзе створаны пантэон беларускіх герояў. Карэспандэнт «НН» адправіўся на першае паседжанне, прысвечанае стварэнню пантэона.

Беларусы бунтуюць супраць сацыяльна-псіхалагічнай мадэлі «тыповага беларуса», якая ўкаранілася ў свядомасці. Як паказваюць дадзеныя сацыялагічнага апытання агенцтва «Новак», беларусы зусім не лічаць сябе памяркоўнымі і сціплымі — афіцыйны вобраз гаспадара «хаты з краю» выклікае ў людзей раздражненне. Пры гэтым узровень ведання гісторыі і гістарычных персаналій у грамадстве невысокі, адзначылі ўдзельнікі сустрэчы. Другім па папулярнасці пасля Францыска Скарыны, паводле даследавання, ідзе Пятро Машэраў. Узгадваюць, але радзей, Еўфрасінню Полацкую, Усяслава Чарадзея, Льва Сапегу. Часам кажуць пра Мазурава, а то і ўвогуле пра Пуціна.

Cтварэнне пантэону мусіць змяніць сітуацыю, лічаць ініцыятары. Як папулярызаваць пантэон?

Пасля выхаду мультфільма «Будзьма беларусамі!» стала відавочна, што адзін пяціхвілінны відэаролік можа зацікавіць больш людзей, чым некалькі салідных манаграфій.
Гісторыкі прыйшлі да высновы, што, напрыклад, гістарычныя анекдоты і проста гісторыі, якія цікава распавядаць, дадуць больш плёну, чым узгадкі пра знакамітую «гаротнасць», якая вяртае нас усё да таго ж «тыповага беларуса», якога людзі ўспрымаюць, але быць якім ні ў якім разе не хочуць.

Стваральнікі пантэону плануюць супрацу з відэааператармі, з fm-радыёстанцыямі, а таксама правядзенне семінараў і лекцый у рэгіёнах — на такіх лекцыях будуць узгадвацца не толькі асобы агульнанацыянальнага маштабу, але і "лакальныя" славутасці, якія, як паказвае практыка, выклікаюць у людзей большую цікавасць.

Асобна ад пантэону варта ўзгадаць і пра антыгерояў Беларусі, якіх таксама набралася б багата. Пакуль жа эксперты, сярод якіх Уладзімір Арлоў, Захар Шыбека, Ігар Кузняцоў, Анатоль Тарас, складаюць свае спісы.

А каго б уключылі ў беларускі пантэон вы, шаноўныя чытачы?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?