«Гістарычная аналогія — рэч рызыкоўная. Аднак тое, што адбываецца цяпер вакол ідэі гэтак званага Еўразійскага саюза, прыводзіць на памяць падзеі канца XVIII ст. У 1792 годзе ў Гродне быў сабраны сойм для вызначэння ўмоў Другога падзелу Рэчы Паспалітай. «Рэжысёрам сойма» Пецярбург прызначыў Якава Сіверса.
Сіверс адразу разгарнуў бурную дзейнасць — кажучы сучаснай мовай, раздаваў інтэрв’ю, папярэджваў, пагражаў, абяцаў.Тым не менш, тады існавала нешматлікая, але зацятая апазіцыя. Таму 22 жніўня 1793 Сіверс загадаў расійскім войскам увайсці ў Гродна. Яны занялі ўсе асноўныя вуліцы, без дазволу расійскага каменданта ніхто не мог выйсці з дому. Неўзабаве ўсе апазіцыянеры былі схопленыя ўначы, проста ў ложку і вывезеныя з горада.
Уражвае карціна апошняга паседжання. Замак быў аточаны войскамі, дэпутаты ішлі на сойм пад рулямі гарматаў.
Пры каралеўскім троне сядзеў расійскі генерал Рутэнфельт.Паслы маўчалі, што праз пэўны час было трактавана як згода. Так той сойм і ўвайшоў у гісторыю як «маўклівы».
Я хачу ўзгадаць словы з дэпешы, якую адзін з расійскіх генералаў накіраваў тады ў Пецярбург: «Присутствие наших солдат придает соответствующее направление мыслям здешних жителей».
Апошнія выказванні пасла Сурыкава сведчаць пра тое, што Расія зноў пераходзіць да дыктату, — мяркуе гісторык. — Застаецца нагадаць, што падзеі 1793 года прывялі да вызвольнага паўстання Тадэўша Касцюшкі».