Пасля пэўнага перапынку Ірына Халіп, жонка зняволенага экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, нарэшце атрымала ад яго ліст.

Ліст вялікі, ажно на дзве старонкі, кажа Ірына.
Але ў ім няма ні слова ні пра самога Саннікава, пра яго самаадчуванне, ні пытанняў пра сям’ю — сына, жонку, бацькоў.
«Гэта не зусім ліст, гэта рэкамендацыя — як паліваць кветкі.
На дзве старонкі. У нас некалькі вазонаў, і вось я атрымала рэкамендацыі — як, што і калі паліваць. Ні слова пра сябе», — расказвае Ірына Халіп. Яна не ведае, ці гэта спосаб пратэсту супраць цэнзуры ліставання. — Я думаю, што яму дакладна патлумачылі, што калі ён будзе пісаць хоць што-небудзь пра сябе, пра тое, што адбываецца з ім, то ніколі адтуль не выйдзе», — кажа Халіп.

Ірына ўпэўненая, што

пісаў ліст Саннікаў — яго почырк лёгка пазнаецца.
І яна робіць з гэтага ліста выснову, што яе муж жывы. Ліст быў напісаны і адпраўлены 3 студзеня, але прыйшоў на адрас Ірыны толькі 11 студзеня.

Па словах жонкі зняволенага палітыка, 12 студзеня адвакатка Саннікава паездзе ў калонію «Віцьба-3» і будзе дабівацца сустрэчы са сваім падабаронным. Будзе зноў спрабаваць атрымаць дазвол на сустрэчу з мужам і Ірына.

Прыкладна два месяцы назад камунікацыя з палітвязнем рэзка пагоршала.

Ад яго перасталі прыходзіць адказы на лісты, жонцы і адвакатцы адмаўлялі ў спатканнях. Пры гэтым вязня без дай прычыны двойчы перасылалі з калоніі ў калонію. Этапы, як вядома, — гэта фізічна і псіхалагічна цяжкае выпрабаванне для вязня. Пры гэтым

у лукашэнкаўскіх СМІ і на фэйкавых інтэрнэт-сайтаў разгарнулася брудная кампанія, скіраваная на дыскрэдытацыю Саннікава.
Паводле незалежных сацыёлагаў, менавіта Саннікаў меў шанцы выйсці ў другі тур з Аляксандрам Лукашэнкам, калі б выбары былі сумленныя.
Раней зніклі або памерлі дзіўнай смерцю такія супернікі Лукашэнкі як Захаранка, Ганчар і Карпенка. У турмы траплялі Чыгір, Лявонаў, Марыніч і Казулін, прычым апошнія выйшлі з падарваным здароўем. Да доўгіх тэрмінаў зняволення былі асуджаныя і Бяляцкі, Статкевіч, Дашкевіч, Севярынец. Беларусь — гэта адзіная краіна геаграфічнай Еўропы з дыктатарскім рэжымам кіравання.
Андрэй Саннікаў быў стваральнікам ініцыятывы «Хартыя’97», якая займалася як палітычнай дзейнасцю, так і інфармацыйнай барацьбой супраць дыктатуры.
Арыштавалі яго 19 снежня 2010 года, у дзень выбараў, калі дзясяткі тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы Мінска, патрабуючы сумленнага падліку галасоў і адстаўкі Лукашэнкі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?