Учора тэлеаператара Аляксандра Баразенку, які адбывае 11 сутак адміністрацыйнага арышту ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП), што на завулку Акрэсціна, у другой палове для наведаў адвакат.

Пра гэта паведаміла НН калега А.Баразенкі Аліна Радачынская

У першай палове дня сустрэцца адвакату і журналісту не ўдалося, бо не было вольнага пакоя.

Па словах адваката, Аляксандр трымаецца нармальна, але працягвае галадоўку. Разам з тым афіцыйнай заявы наконт таго, што ён адмаўляецца ад ежы, Баразенка не складаў. Адвакат параіў Аляксандру, што калі пагоршыцца стан здароўя, адмовіцца ад галадоўкі і не рызыкаваць.

Да Аляксандра пакуль не дайшлі тэлеграмы падтрымкі. Прычыны невядомыя.

Па словах адваката, Аляксандра пераводзяць з камеры ў камеру, што тлумачыцца вялікай перанаселенасцю ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў — тут таксама ўтрымліваюцца затрыманыя 2 студзеня расійскія дыгеры (частка з іх выходзіць сёння), а таксама нелегалы з адной з афрыканскіх краінаў.

Калегі Аляксандра арганізавалі акцыю падтрымкі, распісаўшы літаральна па днях чаргу перадачаў журналісту.
Так, перадачу, заведзеную ў аўторак, Аляксандр ужо атрымаў; перадачу, адвезеную ў сераду, на момант сустрэчы з адвакатам яшчэ не перадалі, аднак прынялі, нічога не адкінуўшы, у тым ліку і маску для сна… Яе не ўдалося перадаць у аўторак.

Паводле А.Радачынскай, адвакат падрыхтаваў апеляцыйную скаргу на прысуд, бо Аляксандр збіраецца апратэставаць вынесены яму адміністрацыйны арышт.

***

Аляксандр Баразенка і актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Мікіта Каваленка былі затрыманыя вечарам 8 студзеня (нядзеля) каля будынка Камітэта дзяржбяспекі. Каваленка спрабаваў правесці каля КДБ адзіночны пікет. Ён разгарнуў партрэты палітвязняў і бел-чырвона-белы сцяг, але праз некалькі хвілін быў затрыманы людзьмі, што выбеглі з будынку. Разам з Каваленкам затрымалі аператара Аляксандра Баразенкі, які здымаў акцыю на камеру. Затрыманых даставілі спачатку ў КДБ, затым — ва УУС Цэнтральнага раёна.

Слуханне справы прайшло 9 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска (суддзя — Аляксандр Хадановіч). Каваленку і Баразенку абвінавачвалі па артыкуле 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Беларусі (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання). Мікіта Каваленка атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту, Аляксандр Баразенка — 11 сутак. На волю яны павнны выйсці 23 і 19 студзеня адпаведна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?