Дакладней, не загад, а Указ ад 30.12.2011 № 618 аб масавай кнігаізацыі насельніцтва, апяванні ролі беларускіх уладаў у падтрымцы літаратуры:
зацвярджаюцца ўсё новыя і новыя мерапрыемствы па святкаванні Года кнігі з вялікімі бюджэтамі, у СМІ пайшлі караваны ідэалагічна правільных публікацыяў і перадач з гэтай нагоды.

Так, у перадачы «Форум» (БТ-1, этэр ад 09.01.2012) вырашылі абмеркаваць ролю пісьменніка ў грамадстве і шляхі развіцця літаратуры.

Запрасілі і жука, і жабу. Трухлявых пнёў ад выдавецтваў, без’языкіх прадстаўнікоў міністэрстваў, шалёных рэдактараў славянафільскіх расійскіх перыядычных выданняў.
І саміх беларускіх пісьменнікаў і крытыкаў, некаторых з якіх я ведаю і паважаю. Чаго апошнія шукалі на тым мапет-шоу, якую думку спрабавалі данесці — засталося незразумелым. Навошта яны наагул пагадзіліся спусціцца ў тое пекла? Бо 
аніхто ж на «Форуме» насамрэч не дбаў пра літаратуру,
не імкнуўся ветліва, канструктыўна абмяркоўваць сапраўдныя праблемы і поспехі нацыянальнага слоўнага мастацтва — усе імкнуліся адзін перад адным чым грамчэй заявіць, што «беларуская літаратура жыла, жыве і будзе жыць!» альбо пракрычаць «Пушкина теперь никто не читает!» (я ўпэўнены, што Год кнігі ў Беларусі будзе пераважна Годам расейскай/расейскамоўнай кнігі).

Ну, безумоўна, без вас, шаноўныя, літаратура б памерла адразу, толькі вашымі малітвамі яна і існуе!

Знікніце ўсе вы сёння, і нічога не зменіцца, ніхто не сканае, а толькі вальней дыхаць будзе,
бо аніякая дыктатура, аніякі афіцыёз, аніякая мітусня графаманаў і крывасмокаў ад літаратуры не здольная заглушыць галасы Скарыны, Цяпінскага, Дуніна-Марцінкевіча, Баршчэўскага, Купалы, Коласа, Гарэцкага, Танка, Караткевіча, Быкава, дзясяткаў іншых беларускіх пісьменнікаў, якія спакойна працавалі і працуюць на будоўлі Белай вежы беларускай літаратуры, бачнай здалёк і зблізку.
Адзінае, што можа дыктатура, — знішчаць мастацтва,
як паліў паэмы Гамэра Калігула, безупынку «атакаваць вяршыні ў нацыянальным характары, у нацыянальнай культуры» — выраз Дзмітрыя Ліхачова («Тры асновы еўрапейскай культуры і расійскі гістарычны досвед», 1991).
Прывесці вам нядаўні прыклад-доказ з нашага жыцця? Калі ласка: сёлета ў рамках падрыхтоўкі да «Дажынак» плануюць знесці дом Максіма Гарэцкага.
Бач ты, «зямля пад гэтым домам уваходзіць у план рэканструкцыі набярэжнай лініі аднаго з акадэмічных азёраў»! І што самае страшнае — актывісты сабралі ўсяго 100 подпісаў за захаванне дома класіка. Вось яно — жахлівае сведчанне таго, наколькі масава будзе адзначацца Год кнігі ў краіне, дзе сапраўдная прыгажосць — у слове, камні, душах людзей — нішчыцца кожны дзень.

Блог Паўла Абрамовіча — paval-abramovi4.livejournal.com.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?