Сайт belarus.avtonom.org расказаў, у якіх умовах утрымліваюцца ў калоніях зняволеныя. У прыватнасці, палітвязні-анархісты Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок, Павел Сырамалотаў, Арцём Пракапенка, Аляксандр Францкевіч, Яўген Васьковіч.

Інтэр'ер Валадаркі

Інтэр'ер Валадаркі

Кубрык

Кубрык

Арыштаваныя на шпацыры

Арыштаваныя на шпацыры

Швейная вытворчасць

Швейная вытворчасць

Плакат у калоніі

Плакат у калоніі

Турма і калонія

Такім чынам, пачнем з паняццяў «турма» і «калонія». Гэта не адно і тое ж. Турма — закрытая папраўчая ўстанова з камернай сістэмай утрымання; нешта падобнае да СІЗА, але з больш строгім рэжымам. Зняволеным забаронена пакідаць камеры, за выключэннем штодзённых кароткіх шпацыраў.

У турмах не працуюць, сядзяць па 4–10 чалавек у камеры, амаль ва ўсіх камерах ёсць тэлевізар, часта ДВД.
Паводле пастановы начальніка турмы і са згоды пракурора зняволеных могуць пераводзіць у адзіночныя камеры. У турму звычайна трапляюць тыя, хто ўчыніў асабліва цяжкія злачынствы, рэцыдывісты і тыя, хто парушаў рэжым утрымання ў калоніі.

Калонія — гэта больш адкрытая выпраўленчая ўстанова, дзе зняволеныя расфармаваныя па атрадах і сектарах, куды ўваходзіць некалькі сумежных атрадаў, як у вайсковай сістэме. Непасрэднае «месца жыхарства» ў калоніі называецца кубрык — гэта таксама свайго роду камера, але

памяшканне больш падобнае да бальнічнай палаты — сцены абклееныя шпалерамі, на вокнах няма глухіх кратаў, вісяць шторы.
За кожным атрадам замацаваны дворык на адкрытым паветры — «лакалцы», дзе можна гуляць, размаўляць, курыць. Можна хадзіць у госці да зняволеных з іншых атрадаў па заяўнай сістэме. Зняволеныя прыцягваюцца да працы і кожны дзень наведваюць «промку» — вытворчы адсек калоніі. У калоніі ёсць ДК, спартыўныя пляцоўкі.

Рэжым

Яшчэ адно важнае адрозненне — рэжым утрымання: агульны, узмоцнены, строгі і спецыяльны — у калоніях, агульны і строгі — у турмах. Зняволеныя з агульным і ўзмоцненым рэжымам могуць утрымлівацца разам, зняволеныя са строгім рэжымам звычайна адбываюць пакаранне ў спецыяльных калоніях строгага рэжыму.

Агульны і ўзмоцнены рэжым адрозніваецца толькі колькасцю спатканняў, перадач, сумай, дазволенай для закупкі прадметаў першай неабходнасці, а таксама тэрмінамі прадстаўлення магчымасці замены пакарання на больш мяккім або на ўмоўна-датэрміновае вызвалення (УДВ).

Мікалай Дзядок сядзіць на агульным рэжыме і мае права на 4 перадачы або пасылкі, 2 бандэролі, 3 працяглых (да 3 сутак) і 3 кароткатэрміновых (да 4 гадзін) спатканні са сваякамі, 1 рэчавую бандэроль, 2 кніжныя бандэролі і неабмежаваную колькасць медыцынскіх бандэроляў ў год. Таксама для агульнага рэжыму дазволена выдаткоўваць не больш як 210 000 рублёў у месяц, але за парушэнні рэжыму Мікалай цяпер мае права атаварвацца толькі на 35 000 у месяц.

Астатнія хлопцы (Ігар Аліневіч, Аляксандр Францкевіч, Арцём Пракапенка, Павел Сырамалотаў) адбываюць пакаранне ва ўмовах узмоцненага рэжыму і маюць права на 3 перадачы і пасылкі, 2 працяглых, 3 кароткатэрміновых спатканні, 1 рэчавую перадачу, 2 кніжныя і неабмежаваная колькасць медыцынскіх бандэроляў у год.

Сума атаваркі — да 175 000 рублёў у месяц, аднак для Ігара Аліневіча яна ўсталяваная ў памеры 70 000, бо ён павінен пакрыць шкоду каля 100 млн рублёў за спаленую пасольскую машыну. Такім чынам адміністрацыя калоніі спрабуе матываваць сваякоў асуджаных выплачваць пазоў узамен на аднаўленне законных правоў зняволеных.

Яўген Васьковіч, які быў пераведзены ў турму № 4 г. Магілёва за шматлікія парушэнні рэжыму на 3 гады, утрымліваецца на агульным рэжыме і мае права на 2 кароткатэрміновых спатканні, 1 пасылку або перадачу і 2 бандэролі, штодзённую прагулку да 1,5 гадзін і можа выдаткоўваць на атаварку да 70 000 рублёў.

Праца, навучанне

Як ужо згадвалася вышэй, зняволеныя прыцягваюцца да працы. У калоніях наладжаная вытворчасць рознай скіраванасці — ад пашыву спецадзення да вытворчасці якаснай мэблі.

№ 10 г. Наваполацк (Ігар Аліневіч) — дрэваапрацоўка, мыла гаспадарчае, поліэтылен, цвікі.

№ 15 пас. Вейна Магілёўскай вобл. (Мікалай Дзядок) — металаапрацоўка і трохі дрэваапрацоўка.

№ 17 пас. Маладзёжны Шклоўскага р-на (Павел Сырамалотаў) — швейная і абутковая вытворчасць, дрэваапрацоўка (зрубы).

№ 19 Магілёўская вобл. (Арцём Пракапенка) — дрэваапрацоўка, цвікі, ланцугі.

№ 22 п. Ваўчыныя Норы Івацэвіцкага р-на (Аляксандр Францкевіч) — дрэваапрацоўка.

Турма № 4 Магілёў (Яўген Васьковіч) — некалькі камер шыюць шапкі, астатнія не працуюць.

Атрымліваюць зняволеныя звычайна па 7–15 тысяч у месяц пасля выліку выдаткаў на ўтрыманне. Адпрацаваны час залічваецца ў працоўны стаж.

Зняволеным таксама можа быць дадзенае права атрымаць рабочую спецыяльнасць у ВК, г.зн. скончыць ПТВ на базе калоніі. Мікалай Дзядок і Ігар Аліневіч падавалі дакументы на навучанне, аднак з розных прычынаў ім было адмоўлена.

Замена пакарання, УДВ

Па законе любому вязню даецца магчымасць вызваліцца датэрмінова ці пайсці на замену неадбытай часткі пакарання больш мяккім. Замена пакарання — гэта фактычна перавод зняволенага на іншыя ўмовы адбывання пакарання альбо ў рамках адной калоніі або турмы (са строгага на ўзмоцнены, з ўзмоцненага на агульны), альбо пазбаўленне волі замяняецца абмежаваннем волi з накiраваннем у папраўчыя ўстановы («хімія») і без накіравання («хатняя хімія»), папраўчымі работамі і г.д.

Падставай для замены пакарання з’яўляецца тое, што асуджаны цвёрда стаў на дарогу выпраўлення, а умовай замены — тое, што ім фактычна адбытая пэўная частка пакарання. У калоніі агульнага рэжыму для прадстаўлення на замену неабходна адбыць траціну пакарання, у калоніі ўзмоцненага рэжыму — палову. Напрыклад,

у Мікалая Дзядка і Аляксандра Францкевіча тэрмін замены падыходзіць ўжо 3 сакавіка 2012, у Сырамалотава, Васьковіча і Пракапенкі — 17 ліпеня 2014 г., у Ігара Аліневіча — 29 лістапада 2014.
Аднак каб быць ахарактарызаванам як той, хто «цвёрда ўстаў на дарогу выпраўлення», трэба даць абавязанне аб правапаслухмяных паводзінах, добрасумленна ставіцца да працы, навучання, выконваць работы па самаабслугоўванні, не мець спагнанняў цягам 6 месяцаў, удзельнічаць у працы самадзейных арганізацый і інш. На дадзены момант няма звестак аб тым, што хто-небудзь з палітзняволеных быў ахарактарызаваны такім чынам.

Для ўмоўна-датэрміновага вызвалення трэба мець усе вышэйпералічаныя ўласцівасці, плюс адбыць палову тэрміну на агульным рэжыме і 2/3 тэрміну на ўзмоцненым рэжыме. Пры УДВ зняволенага вызваляюць, але ён знаходзіцца пад наглядам мясцовага органа ўнутраных справаў да канца тэрміну.

Тэрмін УДВ Францкевіча — 3 верасня 2012, Дзядка — 3 снежня 2012, Сырамалотава, Васьковіча, Пракапенкі — 17 верасня 2015, Аліневіча — 29 сакавіка 2016.
Адміністрацыя калоніі і камісія, прымаючы пад увагу паводзіны асуджанага, вырашае, ці можна яму рабіцца паўнапраўным членам грамадства. Хочацца адзначыць, што вельмі мала зняволеных вызваляюцца па УДВ, асабліва ў ВК-15 і ВК-10; больш за тое, камісія адназначна будзе дзейнічаць па загадзе зверху.

Амністыя

Раз на некалькі гадоў выходзіць закон аб амністыі.

Па ім многія зняволеныя трапляюць пад памяншэнне тэрміну зняволення на 1 год.
Аднак амністыя ніколі не закранае асуджаных па арт. 218.3 (Аліневіч, Сырамалотаў, Васьковіч, Пракапенка). Апошняя амністыя была ў 2010 годзе.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?