Расійскія дыгеры, якія адсядзелі 10 сутак у мінскім цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП), сёння вечарам будуць дэпартаваныя з Беларусі.

Як паведаміў БелаПАН прэс-аташэ пасольства РФ Уладзімір Марчукоў,

семярых расійскіх грамадзян павінны вызваліць з ЦІП прыкладна ў 18.00. Куды канкрэтна іх павязуць, Марчукоў не ведае.

Хутчэй за ўсё, дыгераў адправяць на радзіму цягніком Мінск — Масква, які адпраўляецца з чыгуначнага вакзала Мінска ў 18.26.

Прэс-аташэ паведаміў, што з расійскімі грамадзянамі, якія знаходзіліся ў ЦІП, сустракаўся супрацоўнік консульскага аддзела пасольства. Ніякіх прэтэнзій да беларускіх уладаў яны не выстаўлялі.

Як паведамлялася раней, 13 грамадзян Расіі былі затрыманыя ў Мінску 2 студзеня. Падставай для затрымання стаў зварот у міліцыю дырэктара аўтавакзала «Усходні», які заявіў пра парушэнне грамадскага парадку групай грамадзян у гатэльным комплексе аўтавакзала.

Было ўстаноўлена, што 13 дыгераў прыбылі ў Беларусь цягніком Масква — Мінск 1 студзеня. Вярнуцца назад яны збіраліся 3 студзеня. Пры асабістым надглядзе ў дыгераў быў выяўлены альпінісцкі рыштунак.

Маладыя людзі паведамілі, што прыехалі ў Мінск для несанкцыянаванага пранікнення і фотаздымак розных ахоўваемы аб’ектаў, у тым ліку падземных аб’ектаў і станцый метро. Усе яны з’яўляюцца членамі расійскага нефармальнага руху «ВОРОН» («Вольный организованный разведывательный отряд неформалов»).

У дачыненні да затрыманых дыгераў былі складзеныя пратаколы на падставе арт. 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (дробнае хуліганства). Суд Ленінскага раёна прыгаварыў іх да адміністрацыйнага арышту на тэрмін ад 2 да 10 сутак. Была таксама вынесена пастанова аб прымусовай высылцы расіян пасля адбыцця пакарання з тэрыторыі Беларусі. На працягу бліжэйшых пяці гадоў ім забаронены ўезд на тэрыторыю краіны.

Шасцёра дыгераў, якія атрымалі меншыя тэрміны адміністрацыйнага арышту, былі дэпартаваныя раней.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?