Міністэрства юстыцыі прыпыніла на месяц рэгістрацыю партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД).

Як паведаміў адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні БХД Дзяніс Садоўскі, пра гэта гаворыцца ў лісце Мінюста, які заснавальнікі БХД атрымалі 11 студзеня. «Прычыны прыпынення рэгістрацыі з ліста незразумелыя. Мінюст проста канстатуе факт прыпынення працэсу. Сёння мы з гэтым будзем разбірацца, а заўтра ладзім прэс-канферэнцыю, на якой усё агучым», — сказаў Садоўскі.

Устаноўчы з’езд партыі прайшоў 17 снежня 2011 года ў Мінску. Сустаршынямі абраны Георгій Дзмітрук, Віталь Рымашэўскі і Павел Севярынец. Дакументы на рэгістрацыю партыі былі пададзеныя 20 снежня.

Гэта ўжо чацвёртая спроба рэгістрацыі партыі. Першая была зроблена ў 2009 годзе, яшчэ дзве — у 2010-м. Ва ўсіх выпадках Мінюст адмаўляў у рэгістрацыі арганізацыі, спробы абскардзіць гэта рашэнне ў Вярхоўным судзе поспеху не мелі.

Варта адзначыць, што БХД актыўна ўдзельнічала ў прэзідэнцкіх выбарах 2010 года. Кандыдат ад БХД Віталь Рымашэўскі за заклік да пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў быў арыштаваны. 20 мая 2011 года суд прызнаў яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і прыгаварыў да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна.

Сустаршыня БХД Павел Севярынец, які ўзначальваў выбарчы штаб Рымашэўскага, быў прыгавораны да трох гадоў абмежавання волі. Ён адбывае пакаранне ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?