Алесь Міхалевіч быў самым памяркоўным кандыдатам у прэзідэнты ад апазіцыі на выбарах 2010 года. Аднак пасля падзеяў 19 снежня ён апынуўся ў СІЗА КДБ, адкуль быў выпушчаны ў лютым пад падпіску пра нявыезд. У выніку Алесь Міхалевіч здолеў выехаць за мяжу.

Сярод іншага, Міхалевіч вядомы вялікай непрыязню да расейскага шансона. А да чаго ж ён прыязны? Спецыяльна для «НН» спадар Алесь распавёў пра сваю любімую музыку.

— Зміцер Бартосік. «На руінах Вялікага Княства». Бартосік адэкватна ацэньвае беларускую рэчаіснасць, але яго песні мяне натхняюць, матывуюць да працы і дапамагаюць паверыць у тое, што вельмі хутка мы будзем жыць у Беларускай Беларусі. «На радзіму вяртаюцца князі», і дзякуй за гэта Бартосіку.

Крама. Гомельскі вальс. Калі быў школьнікам, пачаў слухаць «Бонду», «Уліс» і «Мрою». Цяжка вылучыць з іх адзін гурт, найбольш любімы. Але песню «Крамы» «Гомельскі вальс» (а «Крама» для мяне з’яўляецца працягам «Бонды») слухаю найчасцей. Дзякуй Варашкевічу!

ДДТ. «Метель» («Играй, как можешь, сыграй…») Я рос на песнях Юрыя Шаўчука. Для кожнага этапа ў жыцці былі свае песні, але выбарчую кампанію 2010 года дапамагала вытрымаць песня «Метель». Асабіста ўдзячны аднаму з ахоўнікаў «Амерыканкі» за тое, што ставіў падчас прагулак акустычны альбом Шаўчука. А яшчэ памятаю, як Юры Шаўчук больш за 20 гадоў таму на канцэрце ва Уруччы прыхінуў да грудзі бел-чырвона-белы сцяжок, які яму кінулі на сцэну. Для мяне гэта быў адзін з самых шчаслівых момантаў у жыцці.

Queen, «Don’t stop me now». Хаця Doors, Beatles, Pink Ployd, Led Zeppelin ды іншыя рокавыя гурты, на якіх я вырас, сёння прыемна пачуць, але сам іх песні практычна не стаўлю. Затое ўсё часцей слухаю Queen. «Don’t stop me now» і ў выніку «We are the champions».

Зміцер Вайцюшкевіч. «Дзе мой край». Песня з нявыдадзенага альбома «Скрыпка Дрыгвы» на вершы Уладзіміра Караткевіча, якая ўражвае як верш, але проста западае ў душу ў музычным выкананні Вайцюшкевіча. І хаця альбом «Скрыпка дрыгвы» так і не быў выдадзены, хачу падзякаваць аўтару ідэі альбома Алесю Сушу, бо вершы Караткевіча пайшлі ў масы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?