Першыя гады ў КДБ. Фота з асабістага архіва Уладзіміра Пуціна.
12 студзеня стартаваў сайт перадвыбарчай кампаніі прэм’ер-міністра Расіі Уладзіміра Пуціна putin2012.ru.
Ён створаны пры падтрымцы дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва РИА Новости. Сайт расказвае пра біяграфію, вопыт і зацікаўленасці прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду. Ён змяшчае праект перадвыбарчай праграмы, а таксама мае рубрыку «Народнае меркаванне».
На фотаздымках Пуцін паўстае сапраўдным рускім патрыётам. Раздзел «Біяграфія» суправаджаецца здымкам на фоне бярозак, у падрубрыцы «За рулём» прэм’ер кіруе выключна расійскім або савецкімі аўтамабілямі — ад «Волгі» з «Нівай» да «Лады Каліны».
Дарма пацяшаліся расійскія блогеры са спробаў Пуціна пераняць у Лукашэнкі лаўры хакеіста №1. Раздзел «Зацікаўленасці» сустракае наведнікаў putin2012.ru выявай прэм’ера ў хакейнай форме. Чорны колер шлема выглядае сімвалічна — бадай што Уладзімір Уладзіміравіч не быў бы супраць параўнання яго з Дартам Вэйдэрам. Не менш сімвалізму і асабістай апецы над амурскім тыграм ды белым мядзведзем, падмацаваная выказваннем самога апекуна: «Я сам не паляўнічы, таму звяры могуць спаць спакойна».
Скандальнае адкрыццё
Адкрыццё сайта адзначылася патрабаваннямі сысці ў адстаўку і зняць кандыдатуру на пасаду прэзідэнта, а таксама аналітычнымі артыкуламі ў сусветных СМІ.
«The Washington Post» адзначае ігнараванне сайтам пратэстаў у Расіі. А такcама адсутнасць інфармацыі пра чэсныя выбары і чэсную ўладу.
Нібы падмацоўваючы напісанае ў «WP», адміністрацыя сайта неўзабаве прыбрала крытычныя каментары. Пазней прэс-сакратар Пуціна назаве іх «хакерскай атакай».
У сваю чаргу «Deutsche Welle» прааналізавала праект перадвыбарчай праграмы прэм’ера. Суразмоўцы «DW», расійскія палітыкі і палітолагі, выказалі недаўменне і расчараванне з нагоды праекта. Па іх словах, з такім наборам абяцанняў да ўлады ідуць тыя, хто раней не займаў такіх пасадаў. Тым больш не зразумела, як кіраўнік ураду патлумачыць выбаршчыкам, чаму не здзейсніў тое, што абяцае цяпер, у часы свайго ранейшага прэзідэнцтва.
Сайт Пуціна адказвае на гэта цытатай, змешчанай на галоўнай старонцы: «Калі я за штосьці бяруся, я намагаюся давесці справу да лагічнага завяршэння, альбо як мінімум прывесці гэтую справу да максімальнага эфекту».