Археолаг Сяргей Рассадзін раскапаў старажытнае Лаўрышава.

У чым галоўная інтрыга?

Як сцвярджае Іпацьеўскі летапіс, Лаўрышаўскі манастыр быў збудаваны ў ХІІІ стагоддзі «на рацэ Нёмане між Літвою і Наваградкам». Знайсці яго — значыць, з пэўнасцю даведацца, якія землі тады называлі «Літвой». Той Літвой, якая і дала назву магутнаму Вялікаму Княству Літоўскаму, Рускаму і Жамойцкаму.

Сучасная вёска Лаўрышава, якая ўзнікла ці то вакол, ці то на месцы манастыра, стаіць на паўночны ўсход ад Навагрудка, першай сталіцы Вялікага Княства, у бок Мінска.

Гісторыя ўзнікнення манастыра — загадка з многімі невядомымі.
Царкоўная версія кажа, што заснаваў яго святы Елісей, які быў сынам літоўскага князя Траняты. Аднак, адзначае гісторык Генадзь Сагановіч, існаванне Елісея не пацверджана хронікамі. Яшчэ адзін прэтэндэнт — вялікі князь Войшалк, сын Міндоўга. Паводле Іпацьеўскага летапісу, ён заснаваў манастыр каля 1260-га, а Лаўрыш — яго хрысціянскае імя. Ёсць і трэцяя версія, выкладзеная ў «Хроніцы Быхаўца»: Лаўрыш быў сынам вялікага князя літоўскага Тройдзеня і меў паганскае імя Рымонт.

З усіх трох

толькі пра Войшалка мы напэўна можам сказаць, што ён існаваў.
І каля 1260-га, кажа Іпацьеўскі летапіс, сын вялікага князя Міндоўга якраз атрымаў магчымасць вярнуцца на радзіму з Халма, сталіцы валынскіх князёў, дзе ён жыў як закладнік. Галіцка-валынскія князі прэтэндавалі на Наваградак і рабілі ўсё, каб тут кіраваў прадстаўнік іх дынастыі. Войшалк у Халме быў пастрыжаны ў манахі. Адпрасіўшыся ў паломніцтва на гару Афон, ён вярнуўся адразу на радзіму. Тады, паводле летапісу, ён і заснаваў Лаўрышаўскі манастыр, дзе не раз будзе знаходзіць прытулак у цяжкія часы. Блізкасць да Наваградка надавала манастыру палітычнае значэнне.
Што цікава: апісаныя факты з жыцця Елісея і Рымонта паўтараюць Войшалкавы: і высокае паходжанне, і гвалтоўная смерць.
Усе версіі сыходзяцца ў тым, што манастыр паўстаў у XIII ст. і яго заснавальнік паходзіў з палітычнай эліты.

У XIV стагоддзі ў манастыры было створанае Лаўрышаўскае евангелле, на вокладцы якога, як лічыцца, выява заснавальніка. Лаўрыш паказаны не ў манаскай рызе, а як вой — з дзідай і шчытом. Праўда, некаторыя даследчыкі бачаць тут выяву святога Дзмітрыя Салунскага.

Пазней Лаўрышава рабавалі і палілі татары, а Нёман змяніў рэчышча.
Урэшце манастыр быў перанесены, а ў пачатку XIX стагоддзя заняпаў і быў зачынены. Адрадзілі яго ў 1990-я на новым месцы, у вёсцы Гнесічы.
Раскопкі, якімі кіраваў прафесар Рассадзін, вяліся ў ліпені-жніўні 2011 года і былі ініцыяваныя ігуменам Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра.
У работах удзельнічалі студэнты Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі.

У працэсе раскопак знайшлі некалькі слаёў матэрыяльнай культуры, у тым ліку кахляныя печы і манастырскі посуд.

Прынцыповае адрозненне ад ранейшых раскопак — адшуканы пласт ХІІІ стагоддзя, часоў заснавання манастыра.

«У 1990 г. я праводзіў разведачныя раскопкі каля царквы ў Лаўрышаве, — кажа археолаг Алесь Краўцэвіч. — Там, а не каля Гнесічаў, сапраўды знойдзены вельмі цікавы культурны слой».

«Я не прэтэндую на адкрыццё Лаўрышаўскага манастыра, — сказаў Рассадзін карэспандэнту «Нашай Нівы». — Аднак нашы знаходкі ля вёскі Лаўрышава, у прыватнасці, узоры керамікі, прайшлі экспертызу і адносяцца яны да другой паловы XIII ст. Пры гэтым я разумею, што цудаў не бывае — ніякіх каменных палат мы там не знойдзем». Манастыр, як і 99% тагачаснай архітэктуры, мог быць толькі драўляным.

«Я мяркую, што гэта быў не манастыр, а скіт. Войшалк знаходзіўся ў ім і пры гэтым быў за 22 кіламетры ад Наваградка — каб да сталіцы можна было лёгка дабрацца».

Салідарызуючыся з версіяй, што манастыр быў заснаваны Войшалкам, Рассадзін, аднак, даказвае, што «тут была не Літва па Ермаловічу, а праваслаўная Русь».
Падчас відэабрыфінгу на інфармацыйна-аналітычным партале союзнай дзяржавы прафесар кафедры гісторыі Беларусі і паліталогіі БДТУ абрынуўся на археолагаў, якія шукалі манастыр там, дзе «заведама немагчыма знайсці сляды праваслаўнай старажытнарускай культуры».
На думку большасці даследчыкаў, у той час у раёнах на правым беразе Нёмана яшчэ гаварылі па-балцку і трымаліся сваіх старых багоў. Таму Лаўрышава і стаяла «паміж Наваградкам і Літвой».
Тых балтаў вялікія князі хрысцілі ў каталіцтва ў XIV стагоддзі. Вёскі, дзе сёння каталікі пераважаюць, і пазначаюць арэал, у якім славяне асімілявалі балтаў найпазней. Са змяшэння балтаў са славянамі, каталікоў з праваслаўнымі і паўстала сучасная беларуская народнасць.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?