16.01.2012 / 11:40

Беларусы зайздросцяць польскаму духу і характару 31

«Будзе лепш. А калі не будзе лепш, то будзе рэвалюцыя».

Нядаўна ў Польшчы пабачыла свет кніга «Польшча вачыма беларусаў» пад рэдакцыяй намесніка галоўнага куратара асветы Люблінскага ваяводства Багдана Вагнера. Кніга з’яўляецца другой публікацыяй у серыі выданняў пра ўспрыманне палякаў іншымі народамі. Папярэдняя кніга спадара Вагнера, якая прыхільна была ацэнена крытыкамі, прысвячалася вобразу палякаў сярод ірландцаў.

Кніга «Польшча вачыма беларусаў» выйшла на беларускай і польскай мовах, складаецца з невялічкіх тэкстаў-водгукаў, аўтарамі якіх выступілі ўраджэнцы Беларусі.
Тэксты, вельмі адрозныя па сваіх мастацкіх якасцях, уяўляюць сабой «мяшанку» самых розных жанраў і тэмаў, што можна лічыць дадатным бокам публікацыі. Адсутнасць цэнзуры, свабода выкладу думак — гэта быў адзін з галоўных прынцыпаў, які паставіў перад сабой укладальнік. Кніга каштоўная яшчэ і тым, што дакументуе беларускую ментальнасць пачатку XXІ стагоддзя і фіксуе, на наш погляд, яе эвалюцыю.

Зборнік распавядае не толькі пра палякаў, але малюе таксама вобраз сучаснага беларуса, акрэслівае падабенствы і адрознасці паміж двума суседскімі народамі. Аўтарамі тэкстаў выступілі прадстаўнікі розных узроставых катэгорый і прафесій, носьбіты розных светапоглядаў. Якой жа паўстае Польшча ў іх вачах? Першае, што кідаецца ў вочы, гэта не захапленне беларусаў польскім дабрабытам, як можна было б чакаць. Не, найперш беларусы зайздросцяць польскаму духу і нацыянальнаму характару.

На фоне айчыннай абыякавасці да ўсяго беларусам адразу кідаецца ў вочы польская рэлігійнасць, адмысловая сувязь з Богам і вялікая пашана да сваёй традыцыі.
Палякі паўстаюць як гордая нацыя, якая мае вялікае пачуццё ўласнай годнасці («палякі сфармаваліся ў якасці народа выключна каралеўскага», «краіна з каралеўскай гісторыяй»). Гэта набывае ў Польшчы неверагодныя памеры, калі нават звычайная студэнцкая сталоўка можа называцца «Малочны бар Каралеўскі».
Беларусаў не могуць пакінуць раўнадушнымі польскія ветлівыя звароты (Пан/Пані), прыгажосць польскіх кабет, старасвецкі звычай цалаваць жанчыну ў руку, польскі патрыятызм і любоў да Айчыны.
Цікавай з’яўляецца ўвага, якую не часта можна пачуць ад шараговых беларусаў, што нам трэба вучыцца любові да роднай зямлі ад палякаў. Адна з аўтарак нават зазначыла, што для нас гэта дзіка, бо «мы самі дзікуны ў адносінах да ўласнай зямлі»…
Беларусы ў захапленні ад польскай рашучасці («Будзе ўвесь час лепш. А калі не будзе ўвесь час лепш, то будзе рэвалюцыя»), ад польскай салідарнасці і імкнення супольна змагацца з абсурднымі правіламі («пасажыры пачалі бунтавацца супраць кіроўцы, які спрабаў апраўдацца правіламі»), добрага густу і элегантнасці, ветлівасці і гасціннасці.
З’яўляецца, праўда, думка, што польская ветлівасць і садавіна з’яўляецца штучнай, але прысутнічае ў кнізе абвяржэнне такога падыходу, які тлумачыцца зноў жа зайздрасцю да больш паспяховых суседзяў і савецкай ментальнасцю.
Прысутнічаюць ў кнізе таксама элементы крытыкі ў бок палякаў: гэта іх мегаламанія («палякі любяць гаварыць пра сябе»), ксенафобія («усюды жыды»), варожасць да тых, хто адрозніваецца ад іх («А Вы ў каго верыце: у Бога ці Леніна?»)
. У адной з аўтарак паўстае думка, што супольная гісторыя беларусай і палякаў, магла зашкодзіць беларусам у пытаннях дзяржавы і нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Яна сцвярджае: «Як быццам палякі высмакталі, прыўласцілі, засвоілі ўвесь наш супольны запас рэвалюцыйнага запалу, народнага гонару і непадуладнасці». Але ці ў гэтых словах не праяўляецца наша нацыянальная хвароба — шукаць вінаватых?

Прысутнічае ў кнізе таксама своесаблівая дэкларацыя «тутэйшасці», калі адзін з аўтараў піша: «Атрымаўшы беларускую адукацыю і савецкае выхаванне, мне даволі цяжка быць «палякам», але я не магу не паважаць выбар маіх продкаў, якія з XVII стагоддзя пачалі называць сябе палякамі. Вось так я і жыву, яшчэ не паляк, але ўжо не беларус».

У цэлым, Польшча ўспрымаецца беларусамі вельмі пазітыўна. Многія з іх падкрэсліваюць, што гэта адзіны край, дзе яны не чуюцца чужакамі.
Беручу пад увагу ролю сучаснай Польшчы ў падтрымцы беларускай культуры, адкрыцці стыпендыяльных праграм, фінансаванні беларускіх выданняў і мас-медыяў, хочацца сцвердзіць, што Польшча сталася бадай ці не больш спрыяльным для беларускасці месцам, чым сама Беларусь. Пра гэта сказаў так адзін з аўтараў зборніка, апісваючы свае выезды ў краіну на Захад ад Беларусі:

Паеду, бо дома абрыдла…
Так хочацца новай спакусы:
Пабыць не саўком і не быдлам, —
Пабыць беларусам.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Віктар Шукеловіч, Жупраны-Люблін

0
памылка??? / Адказаць
16.01.2012 / 11:53
"любоў да Аўчыны" ?
0
Скарына Піцерскі / Адказаць
16.01.2012 / 12:09
Беларусаў не могуць пакінуць раўнадушнымі польскія ветлівыя звароты (Пан/Пані), прыгажосць польскіх кабет, старасвецкі звычай цалаваць жанчыну ў руку, польскі патрыятызм і любоў да Аўчыны. Ну так, гэтай зімой без аўчыны ну ніяк нельга :))))))))))))
0
Варган / Адказаць
16.01.2012 / 12:47
Беларусаў не могуць пакінуць раўнадушнымі польскія ветлівыя звароты (Пан/Пані) ---------- Чаму б НН не прыйсьці ад саўковых "мужчына-жанчына" да беларускіх "спадар-спадарыня"?
Паказаць усе каментары/ 31 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру