Вось ужо год i пяць месяцаў «Народная воля» вымушана друкавацца ў Смаленску. Адпаведна, грошы, якiя маглi б трапiць беларускiм палiграфiстам, дастаюцца расiйскiм. Для рэдакцыi — дадатковыя фінансавыя страты, нерваванне: пройдзе тыраж праз мяжу альбо мытня па наводцы дзяржбяспекi затрымае яго на колькi гадзiн, а то i дзён; атрымаюць чытачы газету ў час, альбо са спазненнем, цi не атрымаюць увогуле?

За чарговымi нумарамi газеты разам з экспедытарамi ў Смаленск ездзiў карэспандэнт «Народнай волi». Каб ранiцай быць на месцы, Мiнск пакiнулi а 12‑й гадзiне ночы.

Гаспадар фургона — прыватны прадпрымальнiк, сам сабе транспартная фiрма. Ён i дырэктар, i кiроўца. Сам вядзе бухгалтэрыю, сам шукае заказы.

Разам з iм у кабiне (на ўсялякi выпадак) кiроўца‑зменшчык. Кабiна не надта прасторная, хоць i разлiчана на траiх, але без трэцяга ў ёй значна камфортней.

У дарозе бавiм час узятымi з жыцця байкамi. Ад двух Саш я пачуў з дзесятак жахлiвых шафёрскiх гiсторый — рэкет на дарогах (крымiнальнiкi збiраюць «падатак» з кiроўцаў‑замежнiкаў на вачах мiлiцыi нават на вулiцах Масквы), «пярэваратнi ў пагонах», мытны «беспредел». Бяспека на дарогах — тэма хвалюючая. Па словах гаспадароў машыны, сустрэчы з крымiнальнiкам на трасе калi‑нiкалi могуць мець для кiроўцаў нават лятальны канец. Адзiн з Сашаў распавядаў, як на гэтай вось дарозе, ужо на расiйскай тэрыторыi, у яго скралi грошы (i немалую суму), калi ён спаў у кабiне. I меў жа ён глупства крыху не даехаць да спецыяльнай стаянкi, дзе начуюць фуры i грузавiкi...

Праз гадзiну‑другую спыняемся ля шлагбаума. Плацiм за карыстанне дарогай, едзем далей. Увогуле, згадваюць кiроўцы, ад Брэста да мяжы з Расiяй такiх шлагбаумаў чатыры. Для мяне дзiўна, што плацiць гэты падатак павiнны не толькi замежнiкi, але i беларускiя кiроўцы.

На пачатку чацвёртай гадзiны ночы мы на дзяржаўнай мяжы. Гэта тое месца, дзе калiсьцi Аляксандр Рыгоравiч з Вiктарам Чарнамырдзiным выкопвалi памежны слуп. Планавалася, што ў гэтым палiтычным хэпенiнгу ад Расiйскай Федэрацыi возьме ўдзел прэзiдэнт Барыс Ельцын, але як дайшло да справы, той адмовiўся — маўляў, «не царское это дело!». Рыгоравiч тады яшчэ грозна заявiў, што той, хто зноў паставiць тут слуп, будзе мець справу непасрэдна з iм! Вiдаць, добра напалохаў, бо слупа няма дагэтуль — хоць усiмi астатнiмi атрыбутамi дзяржаўнасцi мяжа паступова абрасла з абодвух бакоў. Прычым абрасла так густа, што за капiтальнымi i часовымi пабудовамi згаданых служб не вiдаць узведзенага ў часы iнтэграцыйнай гарачкi «манумента дружбы», аздобленага расiйскiм трыкалорам i чырвона‑зялёным сцягам Аляксандра Лукашэнкi.

Машыны розных катэгорый праходзяць праз розныя тэрмiналы. Наш фургон праляцеў мяжу хутка. У гэты тэрмiнал чаргi фактычна не было. А вось усялякiя грузавiкi i фуры (катэгорыi «C», «D», «E») стаяць у чарзе на некалькi кiламетраў. Тая ж карцiна i з расiйскага боку. Можаце ўявiць карцiну: мароз пад трыццаць, дызелi не глушацца — загазованасць наваколля такая, як быццам стаiш у пробках мегаполiсаў.

Хлопцы згадваюць, што яшчэ адносна нядаўна iм самiм у чарзе на мытны ды iншы кантроль даводзiлася стаяць па 3—5 гадзiн. Было гэта падчас рэзкага абвастрэння «братэрскiх» стасункаў Беларусi i Расiйскай Федэрацыi, Аляксандра Рыгоравiча i Уладзiмiра Уладзiмiравiча.

Праходзiм неабходныя працэдуры i мы ўжо на расiйскiм баку. 50 расiйскiх рублёў плацiм за знаходжанне ў зоне iхняга транспартнага кантролю. Яшчэ 200 трэба плацiць за афармленне мытнай дэкларацыi. Але можна i не плацiць, калi, напрыклад, загадзя нарабiць адпаведных бланкаў на ксераксе. Але расiйскiя мытнiкi такога вынаходнiцтва не вiтаюць (хоць i афiцыйнай забароны на гэта няма), справядлiва мяркуючы, што гэта замах на iхнi законны прыбытак. То iхнi камп’ютэр «самапальныя» бланкi не чытае, то яшчэ штосьцi не так. Так што iншым разам трэба прадэманстраваць характар, каб не расстацца без дайпрычыны з 200 RUR (недзе 7—8 USD).

Запраўляцца ў Расii танней, чым у Беларусi. Калi я правiльна зразумеў маiх спадарожнiкаў, на аўтазаправачных станцыях Расii забаронена адпускаць за раз болей 200 лiтраў. Але, па iх жа словах, гэтае правiла паўсюдна парушаецца. Напрыклад, кiроўцы фур з Польшчы (на шафёрскiм жаргоне «паны») без праблем бяруць па тысячы лiтраў. У бензабак i ў канiстры «пра запас». Трэба думаць, у кошт аплаты палiва ў такiм выпадку ўваходзiць i своеасаблiвы падатак за рызыку.

Адлегласць ад мяжы да Смаленска наш фургон пераадольвае прыблiзна за дзве гадзiны. Першае, што адчуваеш за ўсходняй мяжою: у Беларусi дарогi лепшыя. I яшчэ дзiўна бачыць на ўзбочыне дарогi прысыплены снегам бронетранспарцёр. Нiбыта гэта блок‑пост дзе‑небудзь у Чэчнi. Адзiн раз нас спыняе мiлiцыя на ўездзе ў Смаленск, другi — на гарадской ускраiне. Абодва разы аднолькавае пытанне: цi не вязём чаго‑небудзь забароненага? Забароненае — гэта ўсё, што не задэкларавана, i яшчэ тавары з трэцiх краiн. У нас у гэтым сэнсе праблем няма, бо мы ўвогуле нiчога не вязём.

На пачатку шостай гадзiны ночы спыняемся ля невыразнага, але акуратнага трохпавярховага будынка з сiлiкатнай цэглы — ТАА «Типография Михайлова». Паводле дамовы з друкарняй тыражы «Народнай волi» i газеты ПКБ «Товарищ» мусяць быць гатовыя да пагрузкi ў 5.20 па нашым часе (6.20 — па‑маскоўскiм). Але нас чакае аблом. Грузiць няма чаго, бо яшчэ не надрукавана. Калi надрукуюць — невядома. Нам прапаноўваюць пачакаць. Чакаем гадзiну, дзве... Каб не марнаваць час, спрабую чытаць кнiгу, якую прыхапiў у дарогу. Да друкарнi пад’язджаюць i ад’язджаюць загружаныя легкавiкi, аўтафургоны, грузавiкi. Нашага заказу ўсё яшчэ няма. Стомленыя дарогаю, мы не маем нi сiл, нi жадання сварыцца. Саша, якi ўсю дарогу вёў машыну, уладкоўваецца на спальным месцы. Другi Саша i я спiм на сядзеннях. Радыёпрыёмнiк не выключаем, i нас люляе «Русское Радио».

Каля 10 гадзiн ранiцы (11 па‑iхняму) нас радуюць навiною, што тыраж «Товарища» ўжо надрукаваны, а «Народная воля» друкуецца. Праз гадзiну, нарэшце, загружаемся.

Пакуль iдзе загрузка, я маю магчымасць паглядзець вытворчасць, прайсцiся па цэхах. Уражвае. У Беларусi, наколькi мне вядома, такiх вялiкiх друкарняў у прыватных руках няма.

На шашу выязджаем не тым шляхам, што прыехалi, а праз горад. У Смаленска цудоўны ландшафт i шмат аўтэнтычных помнiкаў даўнiны. У гэтым сэнсе ён можа даць фору Мiнску, дзе многiя гiстарычныя будынкi — не больш як муляжы, адноўленыя ад падмуркаў па старых малюнках i фатаграфiях. Але непрыемна ўражвае недагледжанасць, занядбанасць цэлых раёнаў i вулiц Смаленска. Тут ужо мы можам даць фору Расii. Фактычна Смаленск для Расii тое ж, што для Беларусi Брэст. Першы вялiкi горад ад мяжы, гэткая вiзiтоўка краiны. Гэтая акалiчнасць вымагае асаблiвага клопату аб ягоным iмiджы. Але ў адрозненне ад нашага Брэста вiзiтоўка Расii зашмальцаваная. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што расiйцы яшчэ не звыклiся з вiдавочным фактам, што Смаленск ужо даўно не «ў самым цэнтры Расii»; што iхняя дзяржаўная мяжа знаходзiцца лiтаральна побач з гэтым горадам. Мабыць, яны, паводле завядзёнкi часоў iмперыi СССР, па‑ранейшаму лiчаць брамай сваёй краiны наш Брэст.

Прымач у нашай машыне настроены на хвалю, на якой перамаўляюцца, абменьваюцца iнфармацыяй кiроўцы. Гаворка ўсё болей пра курсы валют i надвор’е. Часта гучыць слова «канвой». Гэта пра беларускiх службоўцаў, якiя суправаджаюць расiйскiя грузы, што iдуць праз Беларусь. Вось i яшчэ адна праява мытнай вайны памiж краiнамi. Мы не верым расiйцам, яны не вераць нам. Дзiўна, што шафёры (людзi збольшага iнтэлiгентныя), калi лiчаць, што iх нiхто не чуе, лаюцца па рацыi матам, нiбы якiя амапаўцы.

Зноў спыняемся на той жа заправачнай станцыi. Хлопцы гавораць, што ў кавярнi пры гэтай АЗС можна смачна i танна (недзе за 100 расiйскiх рублёў) пад’есцi. Звяртаю ўвагу на праваслаўную каплiцу побач з тэрмiналамi. Пабудова зусiм новая. На першы погляд не да месца i зусiм не функцыянальная. Але, калi падумаць, насамрэч патрэбная. У доўгай дарозе нялiшне калi‑нiкалi Бога згадаць. Асаблiва, калi хвiлiну таму бачыў на шашы перакуленую машыну, а побач мiлiцыянтаў i ўрачоў з «хуткай дапамогi».

Мяжу праходзiм без праблем i зноў‑такi даволi хутка. Гэтым разам наш груз не выклiкаў цiкаўнасцi мытнiкаў i памежнiкаў. Па словах маiх спадарожнiкаў, «Народная воля» на мяжы — выданне даволi папулярнае. Згадваюць, што даволi часта службоўцы па абодва бакi мяжы, даведаўшыся, што вязуць «Народную волю», пытаюцца: «Пачытаць што ёсць?» I тут жа забiраюць з палову пачка нiбыта для нейкага кантролю.

Днём чарга з грузавiкоў i фураў значна даўжэйшая, чым была ноччу. Шмат машын з польскiмi i лiтоўскiмi нумарамi.

На мяжы Мiнскай вобласцi, на аўтобусным прыпынку наша машына спыняецца. Нас чакае мясцовы жыхар — валанцёр, якi развозiць газету па наваколлi. Бярэ некалькi пачкаў. На снягу ягоны ровар выглядае крыху недарэчна.

Перамаўляемся па мабiльнiках з рэдакцыяй. У нас цiкавяцца, калi будзем на месцы, каб ведаць, на якi час выклiкаць брыгаду, якая будзе рыхтаваць газеты для рассылкi тым, хто робiць перадаплату за будучыя нумары. Тэлефануюць нам i з «Товарища», каб не забылiся, што ў iх цяпер новы адрас. З цэнтра горада «Товарища» прымусiлi з’ехаць.

Везцi апазiцыйныя газеты i не загаварыць пра палiтычную сiтуацыю немагчыма. Падчас размовы высвятляецца, што адзiн з Сашаў у нядаўнiм мiнулым амапавец. Ён сведка i ўдзельнiк леташнiх сакавiцкiх падзей на Плошчы. Ягоная версiя падзей адрознiваецца ад той, якую ведаюць чытачы «Народнай волi». Ён шчыра не разумее, чаго не хапала студэнтам — абаронцам намётавага гарадка. Саша, аднак, прызнаецца, што пераказвае чужыя словы, аповеды тых мiлiцыянтаў, якiя нiбыта непасрэдна «кантактавалi» з людзьмi на Плошчы. Ён у асноўным «разрульваў» транспарт. На свае ж вочы бачыў, як камунальнiкi, якiя прыйшлi на Плошчу пасля разгрому намётавага гарадка i арышту абаронцаў, займалiся марадзёрствам. Цягнулi ў кiшэнi рэчы з пакiнутых рукзакоў i сумак, шакаладкi, бутэлькi з мiнералкай, прадукты. Марадзёрствавалi на вачах замежнай прэсы, не саромеючыся... «Сорамна было за краiну», — гаворыць Саша.

Шостая гадзiна вечара. Уязджаем у Мiнск з боку Партызанскага праспекта. Вандроўка ў Смаленск i назад заняла больш за 17 гадзiн. Разгружаюць машыну самi супрацоўнiкi рэдакцыi. Дапамагаюць валанцёры, якiя прыйшлi, каб узяць газеты для распаўсюджвання.

Ноччу газеты ўкладуць ва ўжо падрыхтаваныя канверты. А ранiцаю мяхi з канвертамi звязуць на пошту. Большасць мiнскiх чытачоў атрымае газету ў чацвер. У рэгiёнах — на дзень‑другi пазней.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?