Першы намеснік міністра ўнутраных спраў — начальнік крымінальнай міліцыі МУС Беларусі палкоўнік міліцыі Алег Пякарскі быў звольнены з органаў унутраных спраў 16 студзеня 2012 года ўказам прэзідэнта з такой жа фармулёўкай, як і паўмесяца таму намеснік кіраўніка МУС — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі палкоўнік міліцыі Яўген Полудзень: у сувязі з учыненнем правіннасцяў, якія дыскрэдытуюць званне супрацоўніка органаў унутраных спраў.

Нагадаем, Яўген Полудзень быў адпраўлены ў адстаўку і пераведзены ў запас Узброеных сіл ужо пасля прад'яўлення яму абвінавачання ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 424 Крымінальнага кодэкса (злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі).

Як паведамілі БелаПАН у Следчым камітэце Беларусі, крымінальная справа ў дачыненні да Алега Пякарскага не распачыналася. Ніякай інфармацыі аб распачынанні крымінальнай справы няма, заявілі БелаПАН у цэнтры інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Беларусі.

Нагадаем, на пасаду першага намесніка кіраўніка МУС Пякарскі быў прызначаны 4 снежня 2009 года. Да гэтага ён узначальваў галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС. Яшчэ раней — упраўленне па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі.

Чуткі пра адстаўку Пякарскага з'явіліся ў сярэдзіне снежня мінулага года пасля затрымання Яўгена Полудня. Пякарскі згадваўся ў звязцы з намеснікам міністра — начальнікам папярэдняга расследавання МУС генерал-маёрам Сяргеем Гурэевым, які нібыта падаў у адстаўку. Але тады ішла гаворка аб тым, што Пякарскі сам напісаў прашэнне аб адстаўцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?