У Івацэвіцкай калоніі №5 сёння прайшоў суд над палітвязнем Мікалаем Аўтуховічам. Суд вырашыў змяніць умовы адбыцця пакарання Аўтуховіча на турму да канца яго тэрміна -- прыкладна на 2 гады і 2 месяцы, паведаміў былы адвакат Аўтуховіча Павал Сапелка.
На думку суду, былы прадпрымальнік не стаў на шлях выпраўлення, таму ён будзе пераведзены ў турму. Паводле Сапелкі, Аўтуховіч, праўдападобна, будзе адбываць пакаранне ў Гродзенскай турме.
На судзе Аўтуховіч заявіў, што па-ранейшаму не прызнае сябе вінаватым.
Разгляд ініцыявала адміністрацыя калоніі №5. На яе думку, Аўтуховіч парушаў рэжым і заслугоўвае больш жорсткіх умоваў утрымання, чым цяпер.
Мікалай Аўтуховіч адбывае тэрмін 5 гадоў і 2 месяцы ў Івацэвіцкай калоніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за незаконнае захоўванне і перавозку пяці патронаў і паляўнічай стрэльбы.
Напярэдадні суду над Мікалаем Аўтуховічам трапіла пасланне ад палітвязня. Мікалай піша, што гатовы да таго, што чакае яго пасля суда. Выказвае падзяку ўсім знаёмым і незнаёмым людзям, якія маральна падтрымлівалі яго.
На мінулым тыдні падобны працэс па пераводзе з калоніі ў турму прайшоў над Мікалаем Статкевічам. Яго асудзілі на тры гады.