Для будаўніцтва гатэльнага комплексу «Пекін» у Мінску будзе высечана прыблізна трэцяя частка парку 40-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, узамен — высаджага каля 2 тыс. дрэў і кустоў і праведзена добраўпарадкаванне.
Пра гэта на прэс-канферэнцыі 17 студзеня заявіў старшыня камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Аляксандр Пятроў.

Пры гэтым ён зазначыў, што «тэрыторыя парку вельмі спрэчная, па розных крыніцах ад 6 да 13 га». Згодна з дакументамі «Мінскзелянбуда», тэрыторыя, якая знаходзіцца ў яго на балансе і абслугоўванні, складае каля 9 га. Сам гатэль з праездам і зойме каля 3 га. «Такім чынам, застаецца каля 6 га зялёных насаджэнняў плюс дадаковае добраўпарадкаванне прылеглых тэрыторый», — сказаў Пятроў. Ён заявіў, што тэрыторыя будзе агульнадаступнай, бо гатэль не будзе абносіцца агароджай. Тэрыторыя парку «будзе пашырана, ён пяройдзе на другі бераг Свіслачы, набярэжная будзе добраўпарадкавана».

Паводле слоў старшыні Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мінгарвыканкама Аляксандра Баравікова, у парку на ўліку 1.289 дрэў.
«Пад праект высякаецца 170 дрэў плюс 70 пад дарогу. Але я думаю, праект будзе скарэктаваны і будзе высечана менш. З улікам таго, што плануецца дадатковая пасадка і добраўпарадкаванне, баланс будзе нават станоўчы і будзе створаны сапраўдны добраўпарадкаваны парк», — мяркуе Баравікоў.

На пытаннеаб магчымасці будаўніцтва гатэля на тэрыторыі завода імя Кірава, вынас якога плануецца за горад, намеснік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Дзмітрый Табакін паведаміў, што недабудаваны корпус завода, які прыйшоў у заняпад, выкуплены расійскай кампаніяй і яна ў хуткім часе падасць дакументы на разгляд Мінгарвыканкаму па забудове гэтай тэрыторыі. Плануецца, што будзе знесены корпус і пабудаваны жылы квартал. Пры гэтым Табакін не назваў тэрміны далейшай высечкі дрэў у парку, спаслаўшыся на тое, што гэтым займаецца «Мінскзелянбуд».

Паводле слоў начальніка ўпраўлення дзяржаўнай экалагічнай экспертызы Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандра Андрэева, Мінпрыроды ўзгадніла «толькі дэталёвы план, і, згодна з рэгламентам, на гэтай тэрыторыі магчымае будаўніцтва, у тым ліку гатэльнага комплексу». «Але ніякіх праектаў і схем забудовы Мінпрыроды яшчэ не ўзгадняў. Па просьбе грамадскасці мы за подпісам міністра напісалі ліст старшыні Мінгарвыканкама, з тым каб разабрацца з гэтым пытаннем і максімальна захаваць тэрыторыю парку пры будаўніцтве гатэльнага комплексу. Указ прэзідэнта аб будаўніцтве гатэля прыняты, але пакуль нам не паказалі праект. Мы чакаем, што ў хуткім часе Мінгарвыканкам дасць нам на ўзгадненне праект забудовы і пастараемся разам з распрацоўшчыкамі задаволіць і грамадскасць, каб у выніку быў пабудаваны гатэль, які патрэбны рэспубліцы да чэмпіянату па хакеі ў 2014 годзе. Мы гэта разумеем, а таксама і тое, што нам неабходна максімальна захаваць гэтую зялёную тэрыторыю», — зазначыў прадстаўнік Мінпрыроды.

Як паведамлялася раней, намаганнямі грамадскасці была прыпынена высечка дрэў у парку да вырашэння спрэчных пытанняў.

«Мы супраць усякага будаўніцтва гэтага комплексу ў парку, — пракаментавала БелаПАН пазіцыю эколагаў член таварыства „Зялёная сетка“ Марына Дубіна. — У Генплане ён акрэслены як парк. На мой погляд, ёсць магчымасць пашукаць альтэрнатыўную пляцоўку для будаўніцтва. Я сумняваюся, што на ўсёй тэрыторыі Ленінскага раёна нельга знайсці такое месца. Тое, што ў кітайскай кампаніі было патрабаванне будаўніцтва ў паркавай зоне, можа стварыць жудасны прэцэдэнт забудовы паркавых тэрыторый горада, якіх у нас не так шмат засталося. Калі з’явіцца новы інвестар з такімі ж намерамі, гэта стане пагрозай паркам у нашым горадзе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?