Ганцаўчане масава адпраўляюцца на заробкі за мяжу, пры гэтым не заўсёды клапоцяцца аб сваёй бяспецы. У выніку некаторыя з іх губляюцца на прасторы чужой краіны. Нядаўні выпадак таму пацвярджэнне:

жыхара в. Хатынічы Алега Навуміка, які паехаў на заробкі ў Маскоўскую вобласць, цяпер шукае яго маці.

Таццяна Навумік звярнулася з заявай у Ганцавіцкі РАУС у мінулую пятніцу, 6 студзеня, у 16.00. Яна расказала, што сын Алег, 1977 г.н., які пражываў разам з ёй, адправіўся на заробкі ў Маскоўскую вобласць яшчэ 13 красавіка 2011 года. Да 31 снежня 2011 года жанчына падтрымлівала сувязь, якая потым знікла, і цяпер месцазнаходжанне Алега невядома.

«У снежні, 19-га, я патэлефанавала, каб павіншаваць сына з днём нараджэння. Папрасіла, каб прыехаў дамоў, — расказала журналісту Таццяна Мікалаеўна. — Ён адказаў мне, што пакуль не атрымаў разлік».
Напярэдадні Новага года,
31 снежня, па тэлефоне жанчына пачула ад Алега, што ён глядзіць тэлевізар і чакае званка — з ім павінны разлічыцца. Гэта была апошняя гутарка маці з сынам. Цяпер ёй прыходзіцца «размаўляць» толькі з аўтаадказчыкам ці чуць 2–3 доўгія гудкі, затым — кароткія.

Таццяна Мікалаеўна звязвалася з дагестанцам Саду, з якім працаваў яе сын. Той адказаў, што ўжо 26 снежня ён быў на Радзіме. Малдаванін Валодзя, з якім Алег працаваў раней, сказаў, што апошні раз бачыў калегу 31 снежня.

Занепакоеная маці ў адказ на прапанову аўтаадказчыка пакінуць паведамленне, пакідала іх двойчы. «Алег, калі ласка, калі чуеш мяне, адгукніся. Магчыма, ты чаго пакрыўдзіўся, дык хоць што-небудзь скажы!» — гаворыцца ў адным з іх. У другім Таццяна Навумік просіць невядомых, у руках якіх па нейкай прычыне аказаўся сынаў тэлефон, сказаць ёй пра гэта.

Таццяна Мікалаеўна выхавала траіх сыноў, двое з іх жывуць і працуюць на Ганцаўшчыне. А за трэцяга, з якім цяпер згубілася сувязь, баліць душа. «Я ўжо не ведаю, што мне рабіць і як мне быць», — перажывае яна.

На жаль, гэта сумная жыццёвая гісторыя — не адзінкавая ў Ганцавіцкім раёне. Многія гадамі ездзяць на заробкі ў іншыя краіны, найчасцей — у Расію. З цягам часу прытупляецца пачуццё бяспекі. Між тым, заўважае супрацоўнік «гарачай лініі» па бяспечнаму выезду і знаходжанню за мяжой Наталля Здольнік, трапіць у складаную сітуацыю значна прасцей, чым мы думаем. «Канечне, лепш засцерагчыся ад небяспекі да паездкі, чым шукаць паратунку, калі ўжо трапіш у бяду ці вернешся дамоў ні з чым, — заўважыла Наталля Уладзіміраўна. — 

Нам можна патэлефанаваць па нумары 8-801-201-5555, і мы дапаможам паездку зрабіць як мага бяспечнейшай. Званок з любога кутка Беларусі, са стацыянарнага або мабільнага тэлефона (Вэлком, МТС) бясплатны».

Спецыяліст падказала самыя агульныя правілы бяспечнага выезду за мяжу — у мэтах турызму, знаёмства з замежнікам ці заробкаў.

Варта ведаць карысныя нумары тэлефонаў у краіне прызначэння. Напрыклад, у Расіі можна звярнуцца ў грамадскую арганізацыю — кааліцыю «Анёл», дзе дапамогуць. У іншых краінах таксама ёсць арганізацыі, якія могуць аказаць падтрымку беларусам, адкрыты гарачыя інфармацыйныя лініі і кансультацыйныя цэнтры па абароне правоў і інтарэсаў пацярпелых. Пры неабходнасці практычную дапамогу акажуць у беларускім пасольстве ці консульстве.

Абавязкова трэба зрабіць дзве ксеракопіі пашпарта: адну пакінуць дома сваякам, другую — узяць з сабой і захоўваць асобна ад арыгінала. Калі пашпарт украдуць, адбяруць ці згубіцца, копія саслужыць добрую службу.

Перад паездкай

варта адкрыць роумінг ці набыць картку для sms-паведамленняў. Са сваякамі дамовіцца, якая кодавая фраза будзе абазначаць, што здарылася непрыемнасць.
Тады родныя ў выпадку небяспекі будуць біць трывогу.

Застаецца спадзявацца, што Алег Навумік знойдзецца.

Як паведамляе «Хартыя’97», усяго за снежань мінулага і студзень гэтага года у вышук заяўленыя пяцёра жыхароў Брэста, якія паехалі працаваць у Расію. Геаграфія паездак вялікая: Маскоўская вобласць, Калінінград, Сочы.

* * *

Карысныя тэлефоны:

8-801-201-5555 — «гарачая лінія» па бяспечным выездзе і перабыванні за мяжой;

+37516-221-8888 — «гарачая лінія» па бяспечным выездзе і перабыванні за мяжой, на якую можна званіць з іншых краін;

8-107-495-783-5865 — кааліцыя «Анёл» у Расіі;

8017-218-52-64 — «гарачая лінія» па пытаннях замежнай працоўнай міграцыі ўпраўлення замежнай працоўнай міграцыі, бежанцаў і прытулку Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі МУС Міністэрства МУС Рэспублікі Беларусь;

8017-218-52-61 — намеснік начальніка Аляксандр Ціханавіч Татура, аказны за здзяйсненне адміністрацыйных працэдур у сферы замежнай працоўнай міграцыі ўпраўлення замежнай працоўнай міграцыі, бежанцаў і прытулку Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі МУС Рэспублікі Беларусь.

Парады Праграмы «Ла Страда»

Перад паездкай варта ўпэўніцца, што фірма існуе
на самой справе, г.зн., у яе ёсць юрыдычны адрас, маюцца звесткі аб службовых асобах, кантактная інфармацыя. Лепш звяртацца да тых фірм, якія маюць ліцэнзію на працаўладкаванне за мяжой. Інфармацыю аб іх можна знайсці на сайце Міністэрства ўнутраных спраў.

Агульная легальная працэдура афармлення дакументаў складаецца з афармлення працоўнага кантракта, звароту ў пасольства і адкрыцця рабочай візы.

Уважліва чытайце кожны пункт у кантракце! Іншы раз сустракаецца дзіўная фраза «усе грошы захоўваюцца на рахунку арганізацыі-наймальніка і будуць выплачаны пасля заканчэння работ» і прыпіска, што калі вы парушылі правілы (якія менавіта — не агаворваецца), то на вас будуць накладвацца штрафы. Падпісаўшы такі кантракт, вы рызыкуеце застацца без грошай.

Бывае і так, што кантракт — ідэальны, аднак

кліента вусна папярэджваюць, што палавіна пунктаў тут «для прыгажосці».
У такім выпадку кожны вырашае самастойна, рызыкаваць ці не варта.
Важна праверыць легальнасць пасрэдніцкай фірмы.
Калі фірма расійская, украінская ці літоўская, а не беларуская, неабходна быць уважлівым да ўсіх дэталяў: пракантраляваць чужыя фірмы цяжка, як складаней і адстойваць свае правы і інтарэсы ў замежных судах.

Залог бяспекі мігранта — інфарміраванасць! За мяжу трэба выязджаць, папярэдне сабраўшы максімальны пакет інфармацыі і патрэбных кантактаў у краіне назначэння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?