18.01.2012 / 09:05

«Ён зняў скульптуры з пастаментаў»: Мінск развітваецца са скульптарам Жбанавым 4

Уладзімір Жбанаў, скульптар, які змяніў вобраз сталіцы, памёр 16 студзеня ў 57 гадоў.

Замежнікі, якія наведваюць беларускую сталіцу, адзначаюць яе душэўную гарадскую скульптуру. Элегантная «Незнаёмка» на лаве ў Міхайлаўскім скверы, упадабаны дзецьмі «Экіпаж» каля Ратушы, фактурная «Прадаўшчыца семак» ля Камароўкі...

Іх стваральнік, Уладзімір Жбанаў, дзесяць дзён не дажыў да 58-годдзя. Апошнія дні ён знаходзіўся ў рэанімацыі.

«У Валодзі была вядомасць народная, — успамінае скульптара пісьменнік і мастак Адам Глобус. — Усе ведаюць скульптуры Жбанава, з імі любяць фатаграфавацца — з дзяўчынай на лаўцы, з дзяўчынай пад парасонам. Ён стварыў такую прывабную народную скульптуру, якую хочацца пакідаць на памяць на фотаздымках.

Гэта першы гарадскі мінскі скульптар. Тое, што было створана да яго, было ў асноўным для прапаганды. У тых скульптурах не было радасці, забаўкі, яны не ствараліся дзеля весялосці. Валодзя натуральна зламаў стэрэатып.

Ноу-хау Валодзі было тое, што ён прыбраў скульптуру з пастамента.
Яго за гэта крытыкавалі, што дзяўчына стаіць на зямлі, проста на ходніку, босая на снезе... Але менавіта гэтыя скульптуры любяць людзі.
Ён хацеў быць акторам тэатра і кіно, разам з маім братам яны ездзілі да Высоцкага, пазнаёміліся з ім. Але сям’я ў Жбанава была вайсковая, нават маці працавала ў ваенкамаце. І яна сказала, што яшчэ скульптара зразумее, а акторам — толькі праз яе труп.
Валодзя стаў скульптарам...

Ён, як кажуць сёння, быў пазітыўны, хаця жыццё было вельмі складанае і змрочнае. Асабліва афганская вайна, якую я лічу адной з асноўных прычын яго ранняга сыходу. Ён трапіў туды нечакана — мусіў адслужыць год пасля інстытута. Сваякі-вайскоўцы дапамаглі яму адправіцца не ў Сібір якую-небудзь, а ў Віцебск. І вось ён прыехаў у часць увечары, а ноччу іх паднялі і без падрыхтоўкі адправілі ў Кабул...

Скульптура — гэта працяг асобы.

Вось характэрны для Жбанава выпадак: ён перажываў, што ён не мастак. Бо калі мастак ідзе з эцюднікам, гэта ўсе бачаць здалёк, у тым ліку дзяўчаты.
Таму Валодзя пазычаў у майго брата эцюднік і казаў: «Хачу, каб усе бачылі, што я чалавек мастацтва». Такі знешні эфект. Скульптур у горадзе шмат, а мы звяртаем увагу на Валодзевы, бо яму так хацелася».

Паніхіда адбудзецца ў сераду, а 12-й, у Тэатры беларускай драматургіі на Крапоткіна, 44. Развітанне будзе доўжыцца да 14-й, калі адбудзецца вынас цела.

* * *

Уладзімір Жбанаў

Нарадзіўся 26 студзеня 1954 у Мінску ў сям’і вайскоўца. У 1973 скончыў Мастацкае вучылішча імя Глебава. У 1979 — Тэатральна-мастацкі інстытут. Служыў у войску ў Афганістане. У 1985—1999 выкладаў у Мастацкай вучэльні імя Глебава. Стварыў скульптуры «Незнаёмка», «Курэц», «Дзяўчынка з парасонам» у Міхайлаўскім скверы сталіцы, «Фатограф», «Дама з сабачкам» (Камароўскі рынак), «Экіпаж» (каля Ратушы), «Дойлід» (плошча Незалежнасці), у Маладзечне стаіць яго скульптура «Залатая папараць». Адна з апошніх яго работ «На закупах» пастаўленая каля мінскага ЦУМа.

Юрась Ускоў

0
госць / Адказаць
18.01.2012 / 11:01
Вечны адпачынак...
0
aляксандр / Адказаць
18.01.2012 / 11:52
Вялікі дзякуй, Уладзімір. Светлая памяць. Шчыры і таленавіты чалавек. Такіх адзінкі...
0
татьяна / Адказаць
18.01.2012 / 23:02
погасла искра добра и неповторимости в минске - никто его не заменет...скорблю...
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру