Цэлая эпоха была ў гэтым чалавеку. Ён быў вязьнем спачатку польскай, пасьля нацысцкай, а пасьля савецкай турмы. Ягоная самая знакамітая песьня "Зорачкі" ("Дні прыходзяць, дні адходзяць, дні лятуць...") стала народнай песьняй, а вярнуў яе на сцэну Данчык у канцы 80-х. Пасьля яе перапяяў Памідораў у мюзыкле "Я нарадзіўся тут". І напэўна, не адзін сёньняшні вязень і выгнанец паўтараюць яе словы:

"...Ўночы зорачкі прыветліва мігцяць,

Быццам зь неба на мяне яны глядзяць...

Што чуваць, скажыце, зорачкі, вы мне

Ў маёй роднай – ды далёкай — старане?"

Сёньня, 20 лютага, а 19-й гадзіне ў Чырвоным касьцёле ў Менску прэзэнтуюць альбом на вершы Сяргея Новіка‑Пеюна «Дні лятуць/Песьні з‑за кратаў» Тацяна Беланогая, «P.L.A.N.», Яраш Малішэўскі, «ZigZag», «Жаба ў каляіне», «РоСтра», Віктар Шалкевіч ды іншыя

Адрас: Менск, плошча Незалежнасьці.

Уваход вольны.

Даведкі праз тэлефон (029) 649‑08‑88, (029) 766‑24‑25

Паслухаць песьню Тацяны Беланогай «Ночка» на верш Сяргея Новіка‑Пеюна
Я за ўсімі ўладамі сядзеў!
Песьняра ўспамінае Ўладзімер Содаль.

Сяргей Новік-Пяюн

Зорачкі

Дні прыходзяць, дні адходзяць, дні лятуць,

Быццам рэк бурлівых хвалі ўдаль плывуць.

Трэці год як на выгнаньні ў чужыне

Трэба мучыцца душой і сэрцам мне.

Навакол нідзе ня ўгледзіш родных хат,

Не працягне рук зычліва родны брат,

Не падзеліш нават думак зь нікім тут,

Не прыгорне ў адзіноцтве родны кут.

Ўночы зорачкі прыветліва мігцяць,

Быццам зь неба на мяне яны глядзяць...

Што чуваць, скажыце, зорачкі, вы мне

Ў маёй роднай – ды далёкай — старане?

Ці татулька мой і матанька ўжо сьпяць?

Ці таксама на іх зорачкі глядзяць?..

Мо й яны пытаюць зорак аба мне,

Што раблю цяпер ў далёкай чужыне? –

Калі толькі яны, родныя, ня сьпяць,

Калі йшчэ цяпер на зорачкі глядзяць

Занясеце ім, пакуль ня бліснуў сьвет,

Зоркі мілыя, сыноўскі мой прывет!

І скажэце, каб ня плакаў ні адзін,

Што ў выгнаньні мусіць мучыцца іх сын!

Прыйдзе, прыйдзе да нас хутка ясны май,

Прыляту тады, як птушка, ў родны край.

Беларускай песьні роднае пад тон

Зааром мы і засеем свой загон.

Беларускі гімн свой сьмела запяём,

З новай верай, з новай сілай зажывём!

Ўночы будзем мы на зоркі паглядаць

Што, як сёньня, будуць ў небе зіхатаць... –

Занясіце ж вы, пакуль ня бліснуў сьвет,

Зоркі мілыя, бацькам маім прывет!

Сьвеце-над-Віслай

29 сакавіка 1929

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0