Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Гэтую кнігу я чакаў. Яна была патрэбная мне для працы. І калі ў першыя дні года мне стала вядома, што ў кнігарню прыйшоў 12-ты том Збору твораў Максіма Танка, я падумаў быў, што 13-ты том з лістамі паэта выйдзе мо да 17 верасня – да яго 100-х угодкаў. Але насуперак таму, што рэдакцыйная калегія анансавала ў першым томе, эпісталярная спадчына М. Танка з’явілася ў 12-м томе.
Тут можна было б сказаць, што мяне чакала прыемная неспадзяванка.

Так, каштоўны сам факт, што 844 напісаныя і падпісаныя М. Танкам лісты, паштоўкі і тэлеграмы да 178 індывідуальных і калектыўных адрасатаў сабраныя пад адной вокладкай. Так, апублікаваная ў кнізе эпісталярная спадчына паэта – гэта той матэрыял, які прыдасца для працы кожнаму, хто вывучае яго жыццёвы і творчы шлях.

Але што тычыць усяго астатняга – палітызаванай прадмовы, падачы многіх тэкстаў і ўзроўню каментароў да іх, – дык новы том выклікае пачуццё адчаю.
Перайначыўшы словы Янкі Купалы, пра шмат што ў кнізе можна сказаць: лепш бы не бачылі нашыя вочы.

У 2007 годзе мне давялося пісаць водгук на першыя чатыры тамы Збору твораў М. Танка. Я паказаў у ім нязручнасці для чытача і даследчыка, якія стварылі рэдактары з цяпер ужо ліквідаванага Інстытута літаратуры Акадэміі навук і акадэмічнага выдавецтва “Беларуская навука”. У гэтым томе таксама хапае нязручнасцяў.

Лісты надрукаваныя не ў храналагічным парадку, а па адрасатах, і ўжо ў кожным імянным раздзеле – у храналагічным парадку. Добра, калі лістоў адзін-два, а калі некалькі дзясяткаў і яны не пранумараваныя, а ў каментарнай частцы кнігі не паказана, на якой старонцы той ці іншы ліст надрукаваны, чытач, каб не збіцца з тропу, вымушаны мець як мінімум дзве закладкі: у асноўнай частцы і ў каментарнай.
Або блукаць вачыма і вадзіць пальцам у змесце.

Дадатковая нязручнасць ствараецца тым, што

публікатары не зусім уважліва ўчытваліся ў рукапісы М. Танка, і таму слова “мастацтваведа” ператварылася ў загадкавае “мастацтва Седа”
(с. 104). У іншым лісце чытаем: “Зараз цэлымі днямі заняты рознымі справамі, якія і ноччу пачынаюць сніцца, горы набраў бы іх!” (с. 85). А насамрэч паэт пісаў: “Зараз цэлымі днямі заняты рознымі справамі, якія і ноччу пачынаюць сніцца, чорт пабраў бы іх!”.
У яшчэ адным лісце публікатары слова “рэляцыі” прачыталі як “рэдакцыі”
і атрымалася: “Нават з Вашай кароткай рэдакцыі бачу, якой гэта была цікавая паездка...” Не збіцца з панталыку дапамагае тое, што пазалетась гэтыя лісты паэта апублікаваў Міхась Скобла.

Няўважліва прачытаныя не толькі асобныя рукапісы – машынапісы таксама. Ведама, у СССР ніводная прыкметная падзея не адбывалася без удзелу КГБ, але ў лісце, адрасаваным маскоўскім «Известиям», у сказе «В Могилеве состоялся большой литературный вечер с участием ответственных работников ЦК КПБ, Могилевских областного и городского комитетов КГБ…» гаворка дакладна ідзе не пра “кантору”, а пра КПБ. Думаецца таксама, што

М. Танк пісаў ліст старшыні Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрыю Арціменю, а не Арціменку. Не шкодзіла б заадно паказаць у каментарах гады жыцця Арцімені ды абставіны яго смерці.

Тым, хто рыхтаваў 12-ты том да друку належыць

своеасаблівае ноу-хау – каментары да тэкстаў непасрэдна ў тэкстах.
Чытача не маглі не насцярожыць устаўкі ў круглых дужках ужо ў 10-м томе – у дзённіках паэта. У 12-м томе без іх таксама не абышлося. Асабліва багаты на тыя дужкі ліст да Уладзіміра Калесніка, які датуецца студзенем 1978 годам. Ён прост нашпігаваны ўстаўкамі-каментарамі. У дадатак не адзін тэкст у 12-м томе калечыцца квадратнымі дужкамі. “Узорным” у гэтым сэнсе можна лічыць ліст М. Танка да А. Губскай (як паведамляецца ў каментары, вучаніцы 8-га класа). Пасля ўсіх закрэсліванняў у астатку застаецца такі абзац:

“Я атрымаў Ваша цікавае пісьмо, шчыра дзякую за добрыя пажаданні. Прызнацца, з гадамі хваробы і розныя жыццёвыя беды і клопаты так абмежавалі мой час, што бывае месяцамі не бяруся за пяро. Таму не крыўдуйце, калі мае адказы на Вашы пытанні будуць кароткімі, нездавальняючымі”.

Публікатары ж лічаць патрэбным паказаць у асноўнай частцы кнігі, а не ў раздзеле “Варыянты” ці ў каментарах, і ўсё тое, што паэт закрэсліў. І вось той самы абзац з устаўкамі:

“Я атрымаў Ваша цікавае пісьмо, шчыра дзякую за [Вашы] добрыя пажаданні. [І хоць апошнімі часамі] Прызнацца, з гадамі хваробы і розныя жыццёвыя беды і клопаты так абмежавалі мой час, што [няма калі часта бывае [часто] не на ўсе лісты магу адказаць] бывае месяцамі не бяруся за пяро. Таму не крыўдуйце, калі мае адказы на Вашы пытанні будуць кароткімі, нездавальняючымі”.

І падобныя ўстаўкі ў кожным абзацы ліста. Апублікаваных жа ў такі спосаб лістоў М. Танка ў кнізе аж надта шмат.

Складаецца ўражанне, што публікатары не зусім добра ведаюць беларускую мову.
І справа не ў слове “часто” ў працытаваным урыўку (гэта магла быць апіска). Прыкладам, яны не здагаваюцца, што слова “акрыяць” – сінонім слоў “ачуняць”, “паправіцца” ды інш. Вось цытата з ліста хворага паэта да хворага крытыка Уладзіміра Калесніка. Ліст напісаны перад Новым годам, таму чытаем: “І ўсё ж – па добрай традыцыі – дай нам бог, калі ён недзе ёсць, крыху акрыяць і ад сваіх недамаганняў, і трывог і вярнуцца да надзей на лепшую будучыню...” Публікатары “падрэдагавалі” М. Танка, і мы чытаем нешта зусім недарэчнае: “І ўсё ж – па добрай традыцыі – дай нам бог, калі ён недзе ёсць, крыху акры[л]яць і ад сваіх недамаганняў, і трывог...” Зацемлю: гэтае “акры[л]яць” замест “акрыяць” напісана двойчы: на с. 14 і на с. 238. У адным з каментароў мы чытаем, што на лісце змешчаны “выявы бабачак”. І хоць у Беларускай Энцыклапедыі і Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва сцвярджаецца, што ў 1937 годзе заходнебеларускі мастак Міхал Сеўрук напісаў карціну “Жніво”, у каментары да аднаго з лістоў чытаем, што тая карціна мае назву “Жатва”...

Як відаць, энцыклапедычныя выданні далі каментатарам мала карысці. Вось ліст М. Танка да Я. Грынкевіч, у якім гаворка ідзе пра яе арыштаванага мужа-лекара і пра Кузьму Чорнага, які хадайнічаў за арыштанта перад пракурорам БССР Іванам Вятровым. У каментарах імёны Я. Грынкевіч і яе мужа не расшыфраваныя. Тым часам у Беларускай Энцыклапедыі і ў Энцыклапедыі гісторыі Беларусі маюцца артыкулы пра лекара, дзеяча хрысціянскай дэмакратыі і даволі вядомага заходнебеларускага літаратара Станіслава Грынкевіча. Як звалі яго жонку, можна было б даведацца ў дасведчаных людзей. Маюцца ў энцыкалапедыях і звесткі пра І. Вятрова. Там напісана, што пасаду пракурора БССР ён займаў у 1944–1949 гг., але ў каментарах сцвярджаецца, што пракурорам ён быў у 1940–1941 гг. А вось што мы чытаем пра Лявона Юрэвіча: “...беларускі пісьменнік і літаратуразнавец. Заслужаны работнік культуры Беларусі. Даследчык беларускай прозы, мастацкай публіцыстыкі. Аўтар зборнікаў апавяданняў, літаратуразнаўчых кніг”. Той, хто ведае бібліёграфа, архівіста, гісторыка беларускай літаратуры на эміграцыі і даследчыка мемуарыстыкі Лявона Юрэвіча асабіста і ягоныя публікацыі, здзівіцца: няўжо яму, эмігранту, прысвоілі званне заслужанага работніка культуры? А справа ў тым, што

каментатары прыпісалі Лявону Юрэвічу інфармацыю пра Уладзіміра Юрэвіча.
Пра гэта ў каментары сведчаць гады жыцця Уладзіміра Міхайлавіча: 1916–2005.

Або яшчэ адзін сумны кур’ёз. У 1953 годзе М. Танк піша ліст паэту Міколу Засіму (а той жыў у сябе на радзіме) і просіць яго перадаць прывітанне Паплаўскаму. Каментатары без ценю сумнення пішуць, што гаворка ідзе пра цяперашняга народнага мастака і акадэміка Георгія Паплаўскага, які нарадзіўся ў 1931 годзе ў г. Роўнае ва Украіне, а ў 1953 годзе, калі не памыляюся, вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы і наўрад ці мог жыць у Заходняй Беларусі ды быць агульным знаёмцам М. Танка і М. Засіма.

Уласна кажучы, я чакаў гэтую кнігу перш за ўсё дзеля лістоў Максіма Танка да Ларысы Геніюш, бо Міхась Скобла апублікаваў у 2010 годзе толькі частку гэтых лістоў. І вось у раздзеле “Да Л. А. Генюш” я змог прачытаць 39 тэкстаў запар. Аднак памыліцца той, хто падумае, што паэт сапраўды напісаў 39 лістоў да паэткі. Магчыма, сёе-тое страчана, але

на сёння вядомыя 43 лісты М. Танка ў Зэльву.
У кнігу чамусьці не ўключаныя (і гэта ніяк не патлумачана гэта ў прадмове і каментарах) лісты ад 16 сакавіка, 15 красавіка і 31 кастрычніка 1966 года, а таксама ліст ад 15 красавіка 1982 года. Яшчэ горш тое, што
8 тэкстаў паднесеныя чытачам як першапублікацыі, хоць насамрэч два лісты, напісаныя ў 1966 годзе, тры лісты, дасланыя ў Зэльву ў 1967 годзе, два лісты, якія Л. Геніюш атрымала ў 1968 годзе, а таксама ліст М. Танка ад 7 верасня 1982 года надрукаваныя пазалетась у трэцім выпуску беларускага біяграфічнага альманаха “Асоба і час”.

Не будзем тут разважаць пра навуковую этыку. Засяродзім увагу на каментарах да апублікаваных лістоў. Дакладней – на адсутнасці каментароў. Паэт піша паэтцы: “Вельмі ж харошы ліст прыслаў Вам Міхасёк”.

Гэта я ведаю, што Міхасёк – унук Л. Геніюш, сын лекара і пісьменніка Юркі Геніюша. Ведаю таксама, хто такі Пятро Ластаўка, згаданы ў лісце ад 27 жніўня 1967 года, хто такі Мікола Татур (ліст ад 19 верасня таго ж года). Ведаю, што М. Танк мае на ўвазе Уладзіміра Караткевіча і яго будучую жонку, калі дзеліцца ў лісце ад 3 студзеня 1968 года навіной: “...сустрэў Калесніка, ад якога і даведаўся, што Уладзімір закахаўся ў Брэсце ў харошую дзяўчыну”. А паспаліты чытач?
Не шкодзіла б патлумачыць яму, што Марыя Канстанцінаўна (ліст ад 27 студзеня 1968 года) – гэта Хайноўская, якой Янка Купала пісаў гарэзлівыя лісты. А вось хто такі Ян Пяткевіч (ліст ад 24 красавіка 1967 года), адразу не скажу. І зусім не магу сказаць, што за кнігу гэтага аўтара паэтка даслала М. Танку. У тым самым лісце паэт піша пра свайго ўнука Максіма, у іншых лістах – пра іншых сваіх родзічаў, але на с. 722 каментарнай часткі тома, дзе маецца пералік усіх сваякоў М. Танка, якіх ён згадвае ў лістах, чамусьці адсутнічаюць звесткі пра гады нараджэння кожнага з іх, аб іх прафесіях і занятках, а таксама аб гадах смерці ўсіх тых, хто адышоў у вечнасць.

З другога боку,

нельга давяраць усім звесткам, якія ўтрымліваюцца ў каментарах да лістоў М. Танка, адрасаваных Л. Геніюш.
Перш-наперш сама паэтка не была грамадзянкай Чэхаславакіі да вайны; чэхаславацкае грамадзянства яна атрымала па вайне. А Рыгор Канавалаў, пра якога паэт піша ў лісце ад 19 кастрычніка 1966 года, ніколі не быў расійскім пісьменнікам. Яго імя зрэдзьчас сустракалася ў міжваенным бээсэсэраўскім друку, але пісьменнікам ён так і не стаў, затое зрабіў чынавенскую кар’еру і ў 1960-х займаў пасаду старшыні Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па друку (на 239-й старонцы надрукаваны ліст М. Танка да яго).

Пералік агрэхаў, учыненых у 12-м томе Збору твораў М. Танка, можна доўжыць яшчэ. Можна было б паказаць імёны немалога шэрагу заходнебеларускіх дзеячоў, элементарных звестак пра якіх у кнізе няма, але пашкадую чытачоў. І з таго, што я тут напісаў, яны, пэўна, зразумелі, што

кніга выдадзена на недастатковым прафесійным узроўні. Гэта хутчэй накід адпаведнага тома будучага Збору твораў М. Танка, які выйдзе богведама калі.

Кніга, паўтараю, выклікае пачуццё адчаю. Збор твораў Максіма Танка, як і Поўны збор твораў Янкі Купалы, як і некаторыя іншыя выданні такога роду, паказвае, што ў Беларусі пакуль што няма высокапрафесійнай філалагічнай навукі. Былі і ёсць асобныя класныя філолагі, але навукі, навуковай школы (тым болей школаў) няма. І я не ўпэўнены, што дачакаюся сапраўды акадэмічнага выдання збору твораў хоць аднаго з нашых класікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?