Вы ўжо заўважылі, што тэрміны візыту Лукашэнкі ў Кіеў неяк затуманіліся. Цяпер кажуць пра 26 лютага, але ня надта ўпэўнена.

Што за прычына?

Ужо парафіравалі энэргетычны мэмарандум, які мусіў стаць цьвіком візыту. Яго меркавалі ўрачыста падпісаць высокі госьць і прэзыдэнт Юшчанка.

Але ж у іх там поўны кавардак! Гармідар! Прэзідэнт — адна назва. Паўнамоцтвы па беларускіх панятках ну проста сьмеху вартыя!

Карацей, сюжэт закруціўся такі.

Памятаеце, днямі літоўскі прэзыдэнт Адамкус прапанаваў Менску і Кіеву разам сябраваць супраць энэргетычнай імпэрыі?

Юшчанка ідэю ў прынцыпе ўхваліў.

А вось людзі Януковіча — прадстаўнікі ягонай Партыі рэгіёнаў у Вярхоўнай радзе — наважыліся гэтыя, як яны кажуць, антырасейскія пляны заваліць.

Уяўляеце, як крыўдна менскім экс-інтэгратарам атрымліваць такія поўхі!

Зрэшты, справа не ў рыторыцы. Украінцы — народ прагматычны. Ня хочуць сварыцца з Масквою напярэдадні новага газавага пагадненьня. Дый увогуле на тле нафтагазавай вайны Крамля зь Менскам Кіеў можа набраць ачкоў як надзейны транзытэр.

Карацей, як даводзілася ўжо прагназаваць, Украіна не сьпяшаецца супольна зь Менскам сьціскаць пальцы на "горле Расеі ды Заходняй Эўропы". Нашто? Ласкавае цяля дзьвюх матак сьсе!

Лішні раз бачым: палітыка — гэта суцэльныя парадоксы. Хто б мог падумаць, што беларускаму кіраўніцтву цяжэй будзе дамовіцца з "прарасейскім" Януковічам, чым з празаходнім Юшчанкам?!

Усе вэктары пераблыталіся, халера іх бяры!

А гэта ж мы толькі яшчэ спрабуем ляцець на двух крылах! :)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?