Ірына Абельская.

Ірына Абельская.

12 мая ў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшла абарона доктарскай дысертацыі Ірыны Абельскай.
Былая асабістая доктарка Аляксандра Лукашэнкі прэзентавала даследаванне на тэму «Шыйны остэахандроз: прамянёвая візуалізацыя і тэхналогія медыцынскай рэабілітацыі пацыентаў». У выніку ў снежні мінулага года прэзідыум ВАК прысудзіў у снежні мінулага года галоўнай лекарцы прэзідэнцкай бальніцы навуковую ступень доктара навук.

Адзін з чытачоў НН даслаў у Рэдакцыю пытанне, наколькі гэтая праца з’яўляецца адкрыццём для міжнародных спецыялістаў. Разабрацца без каментарыяў адмыслоўцаў адносна дысертацыі спн. Абельскай амаль немагчыма. А ўлічваючы асобу, наўрад ці хто наважыцца на каментар.

Тым не менш,

ёсць магчымасць ацаніць вядомасць Абельскай як навукоўца ў міжнароднай супольнасці медыкаў. Гэта зварот да індэксаў цытавання — паказчыка значнасці прац навукоўцы, які вызначаецца колькасцю спасылак на яго публікацыі
ў рэцэнзаваных навуковых перыядычных выданнях. Іншымі словамі, як часта замежныя навукоўцы спасылаліся на даследаванні Ірыны Абельскай у сваіх артыкулах.
Індэкс цытавання выкарыстоўваецца для ацэнкі прац даследчыкаў, і дазваляе ацаніць унёсак навукоўцы ў сусветную навуку.

У найаўтарытэтнейшай базе навуковага цытавання Scopus прозвішча Ірыны Абельскай узгадваецца толькі адзін раз — у сувязі з яе даследаваннем «The multistage rehabilitation system for sick and disabled people» («Шматсупенчатая сістэма рэабілітацыі хворых і інвалідаў»).

Паводле Scopus, пасля 1995 года, калі створана сістэма, ніводны артыкул аўтаркі не цытаваўся.

Scopus — найбуйнейшая мультыдысцыплінарная рэфератыўная база дадзеных. Яна абнаўляецца штодзённа. Індэксуе 17000 назваў навуковых выданняў па тэхнічных, медыцынскіх і гуманітарных навуках 4000 выдаўцоў.

Аўтарытэтны Расійскі індэкс навуковага цытавання (РІНЦ) дае дзве спасылкі на публікацыі Абельскай.
Гэта яе інтэрв’ю часопісу «Репродуктивное здоровье в Беларуси». Згодна ж з даведкай, ніводнай цытаты ў РІНЦ на гэтае інтэрв’ю няма. Як вынікае з самой назвы, размова вялася нават не пра нейкія навуковыя актуаліі — «Доктар Ірына Абельская: З асцярожным гонарам аб працы і прафесіі».

У яго таксама трапіла публікацыя «Актуальныя аспекты рэнгеналагічнай дыягностыкі остэахандрозу шыйнага аддзела хрыбта на этапах медыцынскай рэабілітацыі» ў «Вестнику рентгенологии и радиологии». Апошні артыкул цытуецца двойчы. Прычым адзін раз сааўтарам Абельскай А.Міхайлавым у яго іншым артыкуле.

Чым Ірына Абельская вызначылася ў айчыннай навуцы?

Мы звярнуліся да электронных каталогаў буйных беларускіх бібліятэк, каб паглядзець на яе публікацыі.

У Нацыянальнай бібліятэцы пашукавік выдае 16 пазіцый на Ірыну Абельскую. Гэта яе аўтарэфераты дысертацый на атрыманне спачатку ступені кандыдата медыцынскіх навук — «Прамянёвая дыягностыка на этапах медыцынскай рэабілітацыі хворых на остэахандроз шыйнага аддзела хрыбта», затым на атрыманне ступені докатара меднавук — «Шыйны остэахандроз: прамянёвая візуалізацыя і тэхналогія медыцынскай рэабілітацыі пацыентаў», публікацыі ў навуковых зборніках.

Прэзідэнцкая бібліятэка выдае толькі дзве спасылкі. Гэта інтэрв’ю «Советской Белорусии» і артыкул у «Медицинских новостях». Каталог Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі знаходзіць чатыры пазіцыі.

Дарэчы, летась супрацоўнікі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сумесна з Бібліятэкай па прыродазнаўчых навуках РАН прааналізавалі вынікі даследчыцкай актыўнасці беларускіх навукоўцах за апошнія пяць гадоў. Згодна з ім, у 2006-2010 гг. артыкулы беларускіх аўтараў цытаваліся 50981 раз.

Самым цытаваным айчынным навукоўцаў у галіне медыцыны (хірургія і анкалогія) з’яўляецца Яўген Дзямідчык (1925-2010).

Яго даследаванні цытаваліся больш за 900 разоў.

Адметна, што Дзямідчык стаў доктарам медыцынскіх навук толькі ў 63 гады. Разам з тым ён з’яўляецца аўтар 11 патэнтаў на вынаходніцтвы.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова гаварыў пра завялікую колькасць у краіне кандыдатаў і дактароў навук. У лістападзе 2011 года на сустрэчы з айчыннымі навукоўцамі ён з насцярогай выказаўся пра сітуацыю, калі з 25 тысяч чалавек, якія маюць навуковую ступень, у навуковых даследаваннях занятыя толькі 4 тысячы. «Чым займаюцца астатнія?

Навошта ім патрэбныя былі гэтыя навуковыя ступені? Падобна, што ўжо модным стала павесіць бірку не тое на лоб, не тое яшчэ куды-небудзь і хадзіць — кандыдат навук. А якая аддача ад гэтага кандыдацтва дзяржаве?»

Лукашэнка адзначаў, што высокія ступені варта даваць толькі тады, калі навуковец «зробіць нейкае адкрыццё».

* * *

Ірына Абельская — выпускніца Мінскага медыцынскага інстытута па спецыяльнасці «педыятрыя». У 1990-1994 гг. працавала кансультантам-эндакрынолагам у 9-й клінічнай бальніцы. Была асабістай дакторкай Аляксандра Лукашэнкі. Дачка былога міністра аховы здароўя Беларусі Людмілы Пастаялка. У 2001-2007 і з 2009 — галоўны лекар Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?