Група прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі звярнулася з заклікам да Аляксандра Лукашэнкі з заклікаць вызваліць беларускіх палітвязняў, піша Народная Воля.

Аляксандр Рыгоравіч!

Так здарылася, што жыццё адразу некалькіх вядомых беларусаў залежыць менавіта ад Вас. Гэтыя людзі з’яўляюцца Вашымі палітычнымі апанентамі, але яны не ворагі беларускага народа. Таму пераканаўча просім Вас: выпусціце іх на волю.

Кожны дзень пазбаўляе палітзняволеных здароўя, забірае ў іх гады жыцця. Гэтыя людзі сёння знаходзяцца ў турмах, хаця яны не злачынцы. Наадварот, яны рабілі ўсё магчымае дзеля таго, каб жыццё ў Беларусі стала лепшым. Рабілі так, як таго патрабавала іх сумленне.

Аляксандр Рыгоравіч, заклікаем Вас не адказваць жорсткасцю на клопат людзей пра сваю Радзіму.

Мы ўпэўнены, што гэты зварот падтрымаюць амаль усе беларусы. Бо незалежна ад палітычных поглядаў, беларусы хочуць свайму дому міру, спакою і згоды.

Пад заявай падпісаліся:

Рыгор Барадулін, Народны паэт Беларусі,

Віктар Дашук, рэжысёр, Народны артыст Беларусі,

Зінаіда Бандарэнка, Народная артыстка Беларусі,

Радзім Гарэцкі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук,

Леанід Лыч, прафесар, доктар гістарычных навук.

***

Нагадаем, што за кратамі знаходзяцца 14 асуджаных да розных тэрмінаў палітвязняў:
экс-кандыдаты ў прэзідэнты Мікалай Статкевіч, Андрэй Саннікаў, праваабаронца Алесь Бяляцкі, грамадскія дзеячы Дзмітрый Бандарэнка, Зміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў, Павел Севярынец (адбывае хімію), анархісты Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок, Аляксандр Францкевіч, Яўген Васьковіч, Павел Сырамалотаў і Арцём Пракапенка, прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч.
Таксама ад 22 снежня знаходзіцца за кратамі ў СІЗА і віцебскі актывіст Сяргей Каваленка.
Яго вінавацяць у парушэнні рэжыму адбывання «хатняй хіміі» — пакарання, прысуджанага яму ў 2010 годзе за ўзняты на гарадской ёлцы бел-чырвона-белы сцяг.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?