Актывістку Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) з Бабруйска Алену Тоўсцік высяляюць з інтэрната, а органы апекі, па яе словах, пагражаюць ёй пазбаўленнем бацькоўскіх правоў. Алена звязвае пераслед з удзелам мужа і яе самой у акцыі, якая праходзіла летась на Дзяды і за якую іх затрымалі.

Тоўсцікаў і яшчэ двух актывістаў затрымалі 2 лістапада каля бабруйскага праваслаўнага Свята-Мікалаеўскага сабора са свечкамі ў руках. Звінавацілі ў несанкцыянаваным палітычным шэсці.
23 лістапада, за месяц да вынясення абвінаваўчага прысуду па адміністрацыйнай справе, адбылося судовае пасяджэнне па высяленні сям’і Тоўсцікаў з інтэрната. 9 студзеня суд пастанавіў забраць у апазіцыянераў пакой, які яны мусяць пакінуць да красавіка.

Супрацоўніца сацыяльна-бытавога комплексу будаўнічага трэста № 13 заявіла, што пакой у інтэрнаце сям’і Тоўсцікаў выдзялялі як работнікам прадпрыемства. Муж спадарыні Тоўсцік раней працаваў у трэсце, але звольніўся.

На тое, што ў жанчыны на руках малое дзіця, супрацоўніца адрэагавала гэтак: «Мы абсалютна самі нічога не робім. Мы робім усё толькі праз суд. Чалавек звольніўся з трэста, мы ж не можам утрымліваць яго сям’ю. У нас у дамове наймання напісана: на час працы. У нас такіх дужа шмат. Будаўнічая галіна не дужа прыцягальная ў Беларусі. Заробкі вышэйшыя ў Расіі, і адзінае, чым мы можам завабіць да сябе працаўнікоў, — гэта жытло».

Муж Алены Тоўсцік, Дзмітрый, абвешчаны ў вышук, у яго дачыненні распачата крымінальная справа.
5 снежня ў інтэрнатаўскім пакоі Тоўсцікаў быў праведзены ператрус, падчас якога нібыта былі выяўлены факты захоўвання Дзмітрыем наркатычных рэчываў. Пасля ператрусу актывіста трымалі ў міліцыі да позняй ночы, потым адпусцілі. Назаўтра зноў выклікалі, пасля чаго ён знік — у міліцыі сцвярджаюць, што да іх ён не дайшоў.

Акрамя праблемы з жыллём, Алене Тоўсцік пагражаюць пазбаўленнем бацькоўскіх правоў. Актывістка АГП сцвярджае, што раённы аддзел апекі і абароны дзяцінства паведаміў ёй: яе сям’ю паставілі на ўлік як «нядобранадзейную». Супрацоўніца аддзела даймае тэлефанаваннямі і патрабуе, каб Тоўсцік прыйшла на гутарку.

«Кажа, што трэба «пагутарыць пра выхаванне вашага дзіцяці. Вы хаваеце яго ад нас, і мы ўзнімаем пытанне аб пазбаўленні вас бацькоўскіх правоў».
Кажа, што я стаю на ўліку. А я патрабую папераў, паводле якіх мяне паставілі на ўлік. Яна адказвае — з-за адміністрацыйных правапарушэнняў. А адміністрацыйныя ў нас — толькі за свечкі. Націскае, што нас жытла пазбаўляюць. Я ёй тады: «А чаму вы не заступіліся за нас, калі мяне з малым дзіцем высялялі з інтэрната?» На гэта нічога не адказала», — абураецца Алена Тоўсцік.

Атрымаць тлумачэнні з органаў апекі пра сутнасць прэтэнзіяў да Тоўсцікаў пакуль не ўдалося. Там адказваюць, што супрацоўніцы, якая займаецца гэтым пытаннем, няма на месцы.

Алену Тоўсцік учора выпісалі з бальніцы, дзе яна лячыла сваю дачку. Малая хварэе на цяжкую форму ларынгіту. З тым, што іх пазбавяць пакоя ў інтэрнаце, жанчына змірылася, а вось няспынныя пагрозы наконт пазбаўлення бацькоўскіх правоў робяцца для яе невыноснымі. Як рэагаваць на іх, яна не ведае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?