Рэдакцыя часопісу «ARCHE» атрымала папярэджаньні аб парушэньні Закону Рэспублікі Беларусь ад друку і іншых сродках масавай інфармацыі, датаваныя 12 лютага 2007 г., за подпісам першага намесьніка міністра інфармацыі Ліліі Ананіч.

Цяпер выхад унікальнага беларускамоўнага часопісу можа быць спынены ў кожны момант.

Два папярэджаньні запар можна разглядаць як своеасаблівую "чорную метку" выданьню. Аднак таксама як знак, што ніякай дэмакратызацыі ў сфэры СМІ не адбудзецца.

Абодва папярэджаньні вынесеныя за адно і тое ж: за тое, што пасьля трохмесячнага прыпыненьня ў 2006 годзе Рэдакцыя выдала ўсе тры затрыманыя нумары за адзін месяц.

Папярэджаньне за № 29 вынесена заснавальніку часопісу "АРХЭ‑пачатак" на падставе артыкулу 16 "Закону Рэспублікі Беларусь аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі" за тое, што не было пісьмова ў месячны тэрмін паведамлена ў Міністэрства інфармацыі аб зьмяненьні пэрыядычнасьці выхаду часопісу ARCHE (па ўмовах рэгістрацыі штомесячнік, але ў сьнежні 2006 г. былі выпушчаныя тры нумары — № 10‑12) для ўнясеньня адпаведнага зьмяненьня ў пасьведчаньне аб рэгістрацыі выданьня, што зьяўляецца парушэньнем артыкулу 11 "Закону Рэспублікі Беларусь аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі".

Папярэджаньне № 30 выносіцца рэдакцыі часопісу за парушэньне артыкулу 16 Закону аб друку. "Па ўмовах рэгістрацыі "ARCHE" ёсьць штомесячным пэрыядычным выданьнем. Аднак у парушэньне ўмоваў яго рэгістрацыі рэдакцыя на працягу сьнежня 2006 г. выпусьціла тры нумары часопісу (10‑12) без паведамленьня ва ўстаноўленым парадку Міністэрства інфармацыі аб зьмене пэрыядычнасьці выпуску выданьня. Мініністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь папярэджвае рэдакцыю часопісу аб недапушчальнасьці парушэньня арт. 10 і 11 Закону РБ аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі".

Нагадаем, што ў верасьні 2006 г. часопісу выносілася папярэджаньне — за парушэньне артыкулу №11 «Закону РБ аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (за зьмену тэматыкі (спэцыялізацыі) часопісу «ARCHE», публікацыямі грамадзка‑палітычнага характару).

У выніку на падставе арт. 16 «Закону РБ аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» Міністэрства інфармацыі прыпыніла выданьне часопісу «ARCHE» на тры месяцы.

У сьнежні, пасьля трохмесячнай паўзы, выйшлі тры нумары часопісу (№ 10, №11, № 12). Калі б такога не адбылося, «Белпошта» скасавала б падпіску, а чытачы засталіся б без аплачаных нумароў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?