Дадатковую секунду дададуць да сусветнага каардынаванага часу (UTC), каб ліквідаваць разыходжанне паміж атамным часам і астранамічным праз нераўнамернасць кручэння Зямлі. Гэта адбудзецца 30 чэрвеня 2012 года.

Гістарычна адлік часу грунтаваўся на вымярэнні сярэдняга перыяду звароту Зямлі вакол восі, і даўжыня секунды вылічалася зыходзячы з гэтага інтэрвалу. З вынаходніцтвам атамных гадзін з’явіўся прыбор для вымярэння часу, які аказаўся больш дакладным за астранамічныя метады. Вызначэнне секунды было зменена і зараз адпавядае атамным стандартам чашчыні.

У 1970 годзе міжнароднай дамовай былі ўстаноўленыя два стандарты часу: UT1 быў заснаваны на кручэнні Зямлі, а UTC (сусветны каардынаваны час) грунтаваўся на атамным часе.

Міжнародная служба кручэння Зямлі сочыць за тым, каб два стандарты часу не разыходзіліся паміж сабой больш, чым на 0,9 секунды.
І ў выпадку неабходнасці заяўляе пра тое, што трэба ўставіць дадатковую секунду.

З 1972 года да UTC былі дададзены 24 дадатковыя секунды ў розныя інтэрвалы — ад шасці месяцаў да сямі гадоў. Апошні раз секунда дадавалася 31 снежня 2008 года.

Гэтым разам новая секунда будзе дададзена ў 23 гадзіны 59 хвілін 59 секунд UTC 30 чэрвеня 2012 года. Гэта рашэнне прынята Міжнароднай службай кручэння Зямлі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?