Мінчанка Святлана Чорная, якая галадае з 30 лістапада ў знак пратэсту супраць смяротнага прысуду Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву, сустрэлася з прадстаўніком Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ).

Як паведаміла жанчына БелаПАН, яна прасіла аб асабістай сустрэчы з мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, але 20 студзеня па блаславенні Філарэта яе прыняў архімандрыт ігумен Антоній.

На сустрэчы Чорная папрасіла, каб мітрапаліт публічна выказаў сваё меркаванне адносна прысуду Канавалаву і Кавалёву, абвінавачаных у арганізацыі выбуху ў мінскім метро.

«Думаю, меркаванне ўладыкі Філарэта павінна паўплываць на рашэнне прэзідэнта, які можа памілаваць прыгавораных,
— сказала Святлана. — Абавязак царквы — засцерагаць душы людзей ад падзення. Паколькі ёсць вельмі вялікія сумненні ў вінаватасці Кавалёва і Канавалава, у выпадку іх пакарання адбудзецца падзенне душ тых, хто іх пакарае, тых, хто выносіў прысуд, а таксама прэзідэнта, калі ён не прыме рашэнне аб памілаванні. У размове з архімандрытам Антоніем я папрасіла перадаць сваю пазіцыю мітрапаліту. Я таксама сказала, што сусветная грамадскасць павінна ведаць меркаванне такога паважанага чалавека, як уладыка Філарэт, ведаць, што мы за народ».

Паводле слоў Чорнай, яе суразмоўца паведаміў, што мітрапаліт Філарэт мае права звярнуцца да кіраўніка дзяржавы з заступніцтвам і што ён неаднаразова гэта рабіў, але пра гэта не прынята абвяшчаць у СМІ.

Ігумен Антоній заклікаў Святлану Чорную як верніка спыніць галадоўку, каб не наносіць шкоду свайму здароўю.
«На гэта я адказала, што калі раней мне было цяжка, то зараз стала значна лепш. Галадоўка нават павысіла маю духоўнасць і я, як сапраўдны вернік, лічу гэта цудам», — сказала суразмоўца
Архімандрыт Антоній перадаў Святлане Чорнай у падарунак ад мітрапаліта Філарэта дзве кнігі — малітвеннік і Евангелле.

Мінчанка мае намер працягваць галадоўку і спадзяецца, што абвінавачаныя ў тэракце будуць памілаваны. «Ад мяне мала што залежыць, але я ўсё-такі мяркую, што людзі не могуць нічога не рабіць у такіх выпадках», — сказала Чорная.

Варта зазначыць, што сваю пазіцыю адносна смяротнай кары БПЦ выказала ў сярэдзіне снежня, калі ў грамадстве актыўна абмяркоўваўся прысуд, вынесены Канавалаву і Кавалёву. У каментарыі БПЦ гаварылася, што яна не знайшла ў царкоўным веравучэнні «вычарпальных звестак», якія рабілі б хрысціянскае стаўленне да праблемы смяротнай кары адназначным. Зазначалася таксама, што царква «не павінна катэгарычна патрабаваць адмены смяротнай кары — тым больш у грамадстве, якое ў сваёй большасці так рашуча на ёй настойвае». «Адмова ад учынення смяротнай кары павінна з’яўляцца вынікам усведамлення грамадствам неабходнасці духоўна-маральнага ўдасканалення», — зазначалася ў каментарыі.

Святлана Чорная знаёмая з гэтым каментарыем. «Але ў ім выказана стаўленне да смяротнай кары як такой. Я ж прашу ўладыку Філарэта выказацца па канкрэтным выпадку», — падкрэсліла мінчанка.

Нагадаем, Беларусь — адзіная ў Еўропе краіна, дзе дагэтуль прымяняецца смяротная кара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?