Дзяржаўнае жыллё, усе кватэры якога будуць здавацца ў арэнду, плануецца пабудаваць у мікрараёне «Вулька-3». «Гэта будзе 9-павярховы80-кватэрны дом, пабудаваны з выкарыстаннем новай серыі сценавых панеляў і перакрыццяў, выпуск якіх у 2011 годзе асвоіў завод ККД прадпрыемства «Брэстжылбуд», — кажа намеснік старшыні Брэсцкага гарвыканкама Васіль Кавальчук. Паводле яго словаў, кватэры ў гэтым доме будуць адна- і двухпакаёвыя. Гэта значыць, менавіта тыя, якія цяпер на рынку жылля больш за ўсё запатрабаваныя.

Дзяржаўнае арэнднае жыллё ў Беларусі закліканае вырашыць дзве важныя задачы.
Па-першае, скласці канкурэнцыю рынку прыватнай арэнды жылля і, як вынік, зменшыць кошт здымных кватэр. Па-другое, арэнднае жыллё павіннае хоць бы збольшага зняць праблему недахопу жылля ў буйных гарадах і абласных цэнтрах.

Асабліва цяпер, калі аб’ёмы будаўніцтва жылля з прыцягненнем ільготных крэдытаў істотна скароцяцца. Мяркуецца, што арандаваць жыллё ў дзяржавы будзе нашмат танней, чым у «прыватніка». Пытанне: наколькі танней?

Пад канец 2011 г. Савет міністраў РБ прыняў пастанову № 1739, якой усталяваная базавая стаўка платы за карыстанне жылымі памяшканнямі камерцыйнага выкарыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду. Яна складае 0,2 базавай велічыні за 1 кв. метр агульнай плошчы жылога памяшкання ў месяц.

Нагадаем: з 1 красавіка 2012 базавая велічыня ў Беларусі складзе 100 000 рублёў. Гэта значыць, плата за арэнднае жыллё будзе вызначацца з разліку 20 000 рублёў за кв. м агульнай плошчы з улікам каэфіцыентаў, якія вызначаць аблвыканкамы. Калі прыняць каэфіцыент за 1, то плата за арэнду кватэры плошчай 40 м кв. складзе 800 тысяч рублёў у месяц (крыху больш за 90 даляраў па цяперашнім курсе).

Паводле інфармацыі агенцтва нерухомасці «Альфа-актыў», цяпер у Брэсце арэнда аднапакаёвай кватэры (без еўрарамонту і дарагой мэблі) пачынаецца ад 120 даляраў у месяц. У Мінску — ад 200 у.а. Значыць,

каб у Брэсце арэнднае жыллё было па-сапраўднаму прывабным для кватэранаймальнікаў, карэктавальны каэфіцыент павінен быць прыкметна ніжэйшы за адзінку.
«На маю думку, плата за такое жыллё павінная быць разы ў два таннейшая, чым арэнда ў прыватнікаў», — лічыць Васіль Кавальчук.

Пры двайной розніцы ў кошце арэнда кватэр у дзяржаўным камерцыйным жылым фондзе безумоўна будзе запатрабаванай, і попыт можа ў разы перавысіць прапанову. Аднак у адпаведнасці з указам № 512 ад 8 лістапада 2011 г. «Аб некаторых пытаннях выкарыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду», першачарговае права на арэнду такіх кватэр будзе належаць грамадзянам, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, і толькі затым — іншым ахвотнікам.

«Палажэнне аб парадку прадстаўлення арэнднага жылля яшчэ распрацоўваецца. Не выключана, што такое жыллё будзе ў першую чаргу давацца маладым спецыялістам, якія прыязджаюць у наш горад і ў якіх Брэст адчувае вострую неабходнасць. Да прыкладу, дактарам або спартоваму трэнерскаму складу», — тлумачыць намеснік мэра Брэста.

У адпаведнасці з указам прэзідэнта, дамова найму можа заключацца на тэрмін не больш за пяць гадоў, і пасля яе заканчэння наймальнік кватэры мае першачарговае права на падаўжэнне дамовы. Мяркуецца, што за гэты час наймальнік (да прыкладу, малады спецыяліст) зможа пабудаваць уласнае жыллё.

У пачатку новага года БелТА са спасылкай на крыніцы ў Мінархітэктуры распаўсюдзіла інфармацыю, што на будаўніцтва арэнднага жылля ў Брэсцкай вобласці будзе выдзелена 25 млрд рублёў з мясцовага бюджэту. Аднак у камітэце па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама называюць лічбу 20 млрд рублёў. Гэта тая сума, якая цяпер прадугледжаная ў абласным бюджэце.

Прыступіць да ўзвядзення 80-кватэрнага арэнднага дома падрадчык зможа пасля зацверджання графікаў будаўніцтва. Астатнія пытанні, у тым ліку аб парадку прадстаўлення жылля і памеры арэнднай платы, яшчэ будуць распрацоўвацца і абмяркоўвацца. Не выключана таксама, што ў разрад камерцыйнага жылля будуць пераведзеныя некаторыя свабодныя або вызваленыя кватэры, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?