Анатоль Ганец, гаспадар сядзібы «Ганка»: Прадбачу, што некаторыя калегі скажуць: «Няма чаго вылузвацца! Прыехалі турысты — і дзякуй Богу. Мы не настолькі багатыя, каб раскідвацца гасцямі!»
Калі выконваць прынцып «кліент заўсёды мае рацыю», то ў такіх развагах, безумоўна, ёсць рацыянальнае звяно. Але ў мяне ёсць іншы пункт гледжання. Вось канкрэтная гісторыя.

На Новы год і Каляды беларускія аграсядзібы вельмі запатрабаваныя — гэта факт. Адзначаць святы на прыродзе, у сельскай глушы цяпер модна і прэстыжна. І гэта сапраўды выдатна: турыстаў чакаюць цяпло і ўтульнасць, смачныя хатнія стравы і напоі, гасцінная атмасфера, магчымасць падыхаць свежым паветрам, сустрэць Новы год ля сапраўднай жывой елкі… А для сядзібаў, чаго тут хаваць, святы — заўсёды добры спосаб зарабіць, таму што міжсезонне часцяком такой магчымасці не дае. Мы з радасцю і задавальненнем сустракаем гасцей.

На навагодні тыдзень да нас вырашылі прыехаць турысты з Масквы — цэлая кампанія. Аплацілі безнаяўнымі. Мы чакалі іх да абеду, як было агаворана папярэдне, але яны прыехалі рана раніцай. Мы пачалі мітусіцца, выйшлі ім насустрач, па народным звычаі вынеслі хлеб-соль, запрасілі ў хату. Але спачатку, як бы з інспекцыйным візітам, зайшлі дзве дамы з кампаніі. І пачаліся прэтэнзіі і «распальцоўка». Выявілася, што ў гасцёўні ім не хапае… вялікай канапы і плазменнага тэлевізара: маўляў, мы хочам адначасова есці, ляжаць на канапе і глядзець тэлевізар. А адзін з гасцей заявіў: «Я што, цэлы год працаваў, каб сядзець на драўляных крэслах?!" Потым ім не спадабалася, што спальныя пакоі знаходзяцца ў іншым доме, размешчаным за метр ад першага: «Як? Мы яшчэ і хадзіць павінныя туды-сюды?» Затым на сцэне з’явіліся дзеці, прычым значна меншыя і большай колькасцю, чым агаворвалася загадзя.

Мы заўсёды прымаем сем’і і добра ставімся да дзяцей. Але калі мы ўбачылі, што ўсё, чым мы ўпрыгожылі дом, парвана, разбіта і валяецца на падлозе, а дзеткі рвуць на часткі мой гармонік, якому без малога 200 гадоў, мы неяк засмуціліся.

Але калі мы абмежаваліся заўвагай, то адна з матуль выбухнула нецэнзурнай лаянкай. Нашы падрыхтоўкі да сустрэчы Новага года і іх знаходжанні ў нас, сцэнар, прагулкі, экскурсіі, катанне на конях — усё было забракавана ў грубай форме. Нам было сказана ясна і адкрыта: «Нічога не трэба. Мы сюды проста пабухаць прыехалі». Я адразу ўявіў, у што ператворыцца наша ўтульная сядзіба пасля такіх гасцей, і сказаў: «Я вяртаю вам вашу перадаплату, хоць па дамове магу не вяртаць, і знайду вам іншую сядзібу, але праз сілу ўсміхацца вам цэлы тыдзень я не хачу».

Яны, праўда, ужо перадумалі і вырашылі, што ім усё падабаецца, але галоўнае, што я не перадумаў і развітаўся з імі без шкадавання. Мы засталіся на Новы год без турыстаў, але праз гэта не асабліва сумавалі: лепш ніякіх гасцей, чым такія. Больш за тое, я лічу, што сёння большасць сядзібаў у Беларусі адышло ад «чаркава-шкваркавага» прыёму турыстаў, іх гаспадары ўжо думаюць па-іншаму. Калі ўзяць, да прыкладу, сядзібы Валожынскага раёна, то на кожнай распрацавана па некалькі анімацыйных праграм, варыянтаў паходаў, актыўнага і пазнавальнага адпачынку. Так што проста «пабухаць» — гэта не да нас, гэта ўчорашні дзень!

Не, я не хачу сказаць, што расійцы і нават масквічы ўсе аднолькавыя. 3 студзеня да нас прыехала сям’я з трох пакаленняў. І таксама масквічы. Але гэта былі найшаноўнейшыя людзі: выхаваныя і культурныя. Наша праграма, распрацаваная з тураператарам, ім вельмі спадабалася. Ім было ўсё цікава. Кожны вечар яны абмяркоўвалі ўбачанае і казалі, што ўбачылі Беларусь зусім іншымі вачыма. І мы рассталіся з імі пасля тыднёвага знаходжання сябрамі. Так што маё глыбокае перакананне: так, мы працуем для турыстаў і дзеля турыстаў. Але адкрытае хамства і прыніжэнне ўсё-ткі трываць не павінны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?