Еўрапейскі саюз увёў эмбарга на пастаўкі нафты і нафтахімічнай прадукцыі з Ірана. Эмбарга пачне дзейнічаць з ліпеня, а новыя кантракты нельга будзе заключаць ўжо цяпер. Крыху раней стала вядома, што ўсе 27 краін ЕС у цэлым ўхвалілі эмбарга, аб гэтым паведамлялі крыніцы агенцтва France-Presse.

Афіцыйнае рашэнне будзе абвешчана ў панядзелак вечарам.

Санкцыі ўступяць у сілу неадкладна для новых кантрактаў. Існуючыя будуць дзейнічаць да ліпеня.

Акрамя гэтага, ЕС узгадніў санкцыі ў дачыненні да Цэнтрабанка Ірана і 8 дзяржкампаній краіны. Неабходнасць захавання мер павінна быць пацверджана дадаткова да 1 мая.

Эмбарга можа выклікаць значныя змены ў палітычным і фінансавым становішчы свету.
Іран раней пагражаў блакадай Армузскага праліву ў выпадку новых санкцый. Калі такая блакада будзе ўведзена, гэта будзе азначаць ваенны канфлікт між краінамі Захаду і іх арабскімі саюзнікамі, ды Ісламскай Рэспублікай. Аднак мала хто верыць, што Тэгеран пойдзе на такую спробу сілаў. У той жа час дэфіцыт нафты на рынку можа прывесці да новага росту цэнаў, што здатна дэстабілізаваць і без таго хісткую фінансавую сітуацыю слабейшых краін Еўропы. Імаверна, Саудаўская Аравія, Бахрэйн і Катар рэзка павялічаць пастаўкі нафты на сусветны рынак, каб утрымаць цэны.

У выпадку ж калі эмбарга акажацца паспяховым, Ірану ў перспектыве пагражае яшчэ большая ізаляцыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?