Віцебскі актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргей Каваленка працягвае галадоўку. Аб гэтым БелаПАН паведаміла яго жонка Алена Каваленка.

Паводле яе слоў, 23 студзеня Сяргея Каваленку наведаў адвакат. «Адвакат мне сказаў, што Каваленка выглядае дрэнна. Ён знясілены, але, нягледзячы на тое, што яго прымусова кормяць, сам ежу прымаць адмаўляецца. Паводле яго слоў, гэта яго спосаб і метад барацьбы супраць беззаконнасці», — сказала Алена Каваленка.

Яна адзначыла, што Сяргея Каваленку перавялі ў адзіночную камеру, і з ім практычна няма ніякай сувязі. «Я таксама хадзіла сёння ў СІЗА, але ваду для Сяргея мне зноў не дазволілі перадаць», — сказала Алена.

«Ваду ён, напэўна, п'е, інакш бы не трымаўся так доўга. Раней мне гаварылі, што ён можа купляць ваду ў ларку СІЗА. Аднак наколькі ён цяпер транспартабельны і ці можа хадзіць за вадой — вялікае пытанне», — адзначыла Алена.

Паводле яе слоў, адвакат перадаў Сяргею Каваленку пажаданні ўдзельнікаў канферэнцыі па вызваленні палітзняволеных, якая прайшла 19 студзеня ў Мінску, з тым каб ён спыніў галадоўку. «Аднак ён пакуль галадоўку не спыняе», — адзначыла яна.

Сяргей Каваленка з 19 снежня 2011 года знаходзіцца ў СІЗА і з 20 снежня праводзіць галадоўку ў знак пратэсту супраць свайго затрымання. Ён быў затрыманы ў рамках распачатай у дачыненні да яго справы па артыкуле 415 Крымінальнага кодэкса (ухіленне аб адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі). Актывісту пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Падставай для гэтага сталі нібыта чатыры парушэнні, якія Каваленка ўчыніў, адбываючы пакаранне.

Каваленку неаднаразова затрымлівала міліцыя за арганізацыю розных акцый. У маі 2010 года суд Кастрычніцкага раёна Віцебска прыгаварыў яго да трох гадоў пазбаўлення волі ўмоўна за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай ёлцы Віцебска 7 студзеня. Гэты ўчынак быў кваліфікаваны ўладамі як !наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць яўную непавагу да грамадства».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?