23 студзеня ў Нацыянальным мастацкім музеі (НММ) адкрылася выстава рукапісных і друкаваных выданняў XVI–XIX стагоддзя з фондаў музея «Гомельскі палацава-паркавы ансамбль» і Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф. Р. Шклярава. Выстава адкрылася падчас прэзентацыі Гомеля ў якасці культурнай сталіцы Беларусі і СНД у 2012 годзе і прысвечана Году кнігі.

«У той колькасці і ў тым выглядзе, у якіх у нас тут прадстаўлены рарытэты нашых музеяў, мы сустракаемся тут упершыню, — сказала дырэктар веткаўскага музея Галіна Нячаева, — дый сама канцэпцыя выставы разгорнута такім чынам упершыню. Адметнасць экспазіцыі яшчэ і ў тым, што мы дэманструем тэхніку стварэння кнігі, інструменты, якія належалі майстру рукапісных шэдэўраў. Тут можна азнаёміцца з мастацтвам стварэння і багаццем афармлення выданняў».

«Мы вельмі ўдзячныя гомельскаму і веткаўскаму музеям, якія далі нам гэтыя шэдэўры, — сказала загадчыца аддзела НММ Алена Карпенка. — Мінчане ўпершыню могуць убачыць выданне Пятра Мсціслаўца 1570-х гадоў, кнігу Івана Фёдарава, самая ранняя старадрукаваная кніга на гэтай выставе датуецца 1569 годам. Тут выстаўлены работы і майстроў Львова, Кіева-Пячэрскай лаўры. Усе гэтыя багацці здаўна захоўваюцца ў веткаўскім музеі дзякуючы даследчай і збіральніцкай дзейнасці Фёдара Рыгоравіча Шклярава, імя якога носіць сёння музей».

Паводле слоў Карпенкі, такія кнігі рэдка выстаўляюцца, бо іх цяжка рэстаўрыраваць, у гэтай сферы мала майстроў. А вось у веткаўскім музеі, падкрэсліла спецыяліст, яны прадстаўлены шырока, годна і на вельмі высокім прафесійным узроўні.

Намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі выказаў упэўненасць у тым, што такія выставы з фондаў музеяў Беларусі будуць праводзіцца рэгулярна, ёсць у міністэрства планы і цікавых замежных выставачных праектаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?