Зараз рыхтуецца новы дэкрэт, дзе будуць дакладна прапісаныя ўсе палажэньні, якія тычацца працэсу перарэгістрацыі і пераліцэнзаваньня, дзякуючы чаму пераход «пройдзе як мага мякчэй».

Пра гэта 21 лютага ў Менску паведаміла намесьніца начальніка ўпраўленьня прадпрымальніцтва і ліцэнзаваньня камітэту эканомікі Менаблвыканкаму Наталя Бялян.

У дакумэнце «будзе агавораная правапераемнасьць абсталяваньня, дадзеныя рэкамэндацыі гандлёвым аб’ектам аб перазаключэньні дагавораў, паколькі мяняецца бок дагавору».

Нагадаем, прыняты прэзыдэнтам у сьнежні 2006 года ўказ № 760 забараняе індывідуальным прадпрымальнікам (ІП) зь 1 студзеня 2008 года выкарыстоўваць наёмную працу, за выключэньнем найму блізкіх сваякоў. Таму многім ІП прыйдзецца перарэгістравацца ды стварыць юрыдычную асобу — мікрапрадпрыемства. Як абяцае Н. Бялян, на мікрапрадпрыемствах будзе дзейнічаць спрошчаны парадак падаткаабкладаньня, вядзеньня бухгальтэрскай і статыстычнай справаздачы.

Паводле Бялян, пэўнае зьніжэньне колькасьці ІП адбудзецца «аб’ектыўна, але гэта будзе кампэнсавацца стварэньнем мікраарганізацыяў з колькасьцю занятых да 15‑25 чалавек».

Цяпер у Беларусі працуюць 189 тыс. прадпрымальнікаў, зь якіх 180 тыс. занятыя ў сфэры гандлю

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?