На роліку, выкладзеным у інтэрнэце, бачна, як адразу некалькі супрацоўнікаў ДПС затрымліваюць жыхара Гомеля. У канфлікце актыўна ўдзельнічаюць і мінакі, якія адцягваюць «злачынцу» ўбок. Але прычына інцыдэнту была невядомай.
«У нядзелю, 22 студзеня 2012 года… супрацоўнік ДАІ ўбачыў грамадзян, якія расчышчалі ходнік ад снега, выкідваючы яго на праезную частку. Па гукаўзмацняльнай прыладзе, усталяванай у аўтамабілі,
супрацоўнік ДАІ папярэдзіў, што выкід снега на праезную частку забаронены, і што за гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.Малады мужчына, які расчышчаў снег, адмахнуўся і нецэнзурна выказаўся ў адрас супрацоўніка міліцыі. Грамадзяне праігнаравалі інфармацыю супрацоўніка і працягнулі выкідваць снег на праезную частку.
Супрацоўнік ДАІ паўторна зрабіў заўвагу па гукаўзмацняльнай прыладзе ў больш патрабавальнай форме, пасля выйшаў з аўтамабіля, прадставіўся і пачаў гутарыць з грамадзянамі… Падчас гутаркі малады мужчына паводзіў сябе задзірліва, размаўляў на падвышаных тонах, неаднаразова дэманстратыўна выказваўся нецэнзурнай лаянкай. На заўвагі супрацоўніка ДАІ мужчына ніяк не рэагаваў. У выніку супрацоўнік ДАІ, растлумачыўшы грамадзяніну, што яго дзеянні з’яўляюцца супрацьпраўнымі і кваліфікуюцца як дробнае хуліганства, папрасіў яго прайсці ў службовы аўтамабіль… Мужчына ў грубай форме катэгарычна адмовіўся.
… Супрацоўнік ДАІ па радыёстанцыі перадаў інфармацыю пра здарэнне і выклікаў дапамогу. На месца здарэння прыехаў старэйшы інспектар ДПС ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама. На паўторную прапанову грамадзяніну сесці ў службовы аўтамабіль ён катэгарычна адмовіўся і пасправаў пакінуць месца здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння. Пры гэтым мужчына пачаў адштурхваць супрацоўнікаў міліцыі, хапаючыся за іх абмундзіраванне.
У выніку ў дачыненні грамадзяніна супрацоўнікі ДАІ… былі вымушаныя ўжыць фізічную сілу, а таксама спецыяльны сродак — наручнікі.Грамадзянін для далейшага разгляду быў дастаўлены ў другое гарадское аддзяленне міліцыі».
У выніку, як паведамілі ў ДАІ, на жыхара Гомелю (1986 г. н.) было складзена тры адміністрацыйныя пратаколы па артыкулах: «Пашкоджанне або забруджванне аўтамабільнай дарогі ці іншага дарожнага збудавання» (супрацоўнікам ДАІ), а таксама «Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў» і «Дробнае хуліганства».
* * *
А вось грамадзяне маюць іншае бачанне сітуацыі.
Паводле аповедаў гаспадыні будынка Таццяны Рэпіч, якая ажыццяўляла прыборку, міліцыя прычапілася да грамадзянаў абсалютна беспадстаўна.
Таццяна Рэпіч:
— Мы прыбіралі дарогу. На бардзюры ляжаў снег. Таму атрымлівалася так, што калі кідалі снег на гэты вал, то камячкі ляцелі ўніз, то бок на дарогу. У гэты момант ехала міліцэйская машына і ў гукаўзмацняльнік супрацоўнік ДАІ сказаў: «Не кідайце на дарогу снег, хопіць чысціць».
Супрацоўнік ДАІ папярэдзіў гаспадароў дома, што яны будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці па прычыне таго, што нібыта забрудзілі аўтадарогу. Далей міліцыянт выйшаў з машыны і прапанаваў сыну спадарыні Таццяны праехаць у Другое аддзяленне міліцыі. Калі малады мужчына адмовіўся, капітан выклікаў кагосьці па рацыі на дапамогу. Вайсковы пенсіянер Анатоль Рэпіч стаў адной з ахвяраў закалоту.
Анатоль Рэпіч:
— Патрульная машына ДАІ ў гукаўзмацняльнік кажа: «Хопіць чысціць снег і кідаць яго на праезную частку. Ён акурат спыніўся насупраць мяне. Я яму кажу: выйдзі з машыны і пераканайся, куды я кідаю снег. Ён пачуў, выходзіць з машыны і кажа: мне няма да каго тут падыходзіць. Я адрэагаваў і сын таксама адрэагаваў троху ў грубай форме. Але мы што, не людзі? Не скажу, што ўсе супрацоўнікі ДАІ — нягоднікі. Сярод міліцыянтаў, перакананы, вельмі шмат годных людзей. Я сутыкаўся з такімі і па працы, і проста так. Заўжды пытанні вырашаліся, усё было добра. Але, як кажуць, няма роду без выроду.
Потым ніадкуль з’явіліся каля 9 міліцыянтаў. Яны накінуліся на гаспадароў дома і пачалі збіваць людзей. На малодшага Рэпіча чатыры міліцыянты апраналі кайданкі. Сведкай расправы над сваім мужам стала настаўніца англійскай мовы Яўгенія Рэпіч.
«Я была ў шоку ад таго, што дзеецца. Мы ж не злачынцы якія, што здзяйсняюць правапарушэнне. Мы працавалі ўсёй сям’ёй, каб людзям было нармальна хадзіць. Я б ніколі раней не падумала, што міліцыя можа паводзіць сябе такім чынам», — падзялілася ўражаннямі ад здарэння Яўгенія Рэпіч. Дзяўчыне ад усяго ўбачанага стала кепска. На відэа бачна, як яна страціла прытомнасць. Потым Яўгенію занеслі ў хату выпадковыя мінакі, што апынуліся побач.
Як распавёў Анатоль Рэпіч, ён прасіў людзей у форме не заламваць яму рукі, бо мае праблемы з храбтом. Але праваахоўнікі працягвалі збіваць і лупцаваць грамадзяніна па назе, спрабуючы паваліць на зямлю.
«Я сустракаўся з кіраўніцтвам гомельскай ДАІ. Усе адэкватныя і вельмі прыязныя людзі. Кіраўніцтва пастаянна выбачалася за паводзіны падначаленых. Я спадзяюся, што справядлівасць будзе. Безадказных міліцыянтаў, якія перавысілі службовыя паўнамоцтвы, трэба пакараць», — заўважыў Анатоль Рэпіч.