Карэспандэнт інтэрнэт-газеты «Салідарнасць» пабывала ў гасцях у самых звычайных людзей з глыбінкі.

Мікалаю Гаўрылавічу Поцісу — 82. У мястэчку Любань ён славіцца як майстар на ўсе рукі. Многім у горадзе печкі рабіў. Яго жонцы Валянціне Міхайлаўне — 74. Муж і жонка, якія пражылі разам больш за паўстагоддзя, выгадавалі чатырох дачок. Нягледзячы на сталы ўзрост, пенсіянеры трымаюць агарод.

— Калі трыццаць гадоў таму вярнуўся на радзіму з Казахстана, я шукаў дом з гародам, каб усё сваё было: і бульба, і яблыкі, — дзеліцца Мікалай Гаўрылавіч.

У Казахстан Гаўрылавіч ірвануў ў 1954-м, калі там цаліну падымалі. Працаваў раз’язным фатографам. Здымаў на дакументы «ворагаў СССР» — перасяленцаў: немцаў, чачэнцаў, інгушоў.

Зарплата па тых часах была казачная. Гаўрылавіч успамінае, як аднойчы за тры месяцы 9 тысяч рублёў зарабіў. На гэтыя грошы можна было «Масквіч» купіць.

Потым уладкаваўся фотарэпарцёрам у рэдакцыю «раёнкі».

У іншы час у іншай краіне Гаўрылавіч абавязкова стаў бы паспяховым бізнэсмэнам з уласнай фотастудыяй.
У рэдакцыі школьніцы шыхтаваліся да яго ў чаргу на фотасесію. Ён ставіў на здымках свой аўтарскі подпіс, пакуль яму не сказалі: «Прыбяры, гэта фірма!».

— Пайшоў з газеты, калі агледзеўся як след і зразумеў, што нас трымаюць на павадку. Нам дыктавалі, як пісаць, што здымаць. Мы спявалі з чужога голасу. Рэдактары да касцей былі прасякнутыя камуністычнымі ідэямі. А газеты якія былі! Не параўнаць з цяперашнімі, — уздыхае Гаўрылавіч. — Цяпер вось паглядзіш: прэзідэнт там працуе, туды паехаў, а тады ж не было нічога гэтага.

— Вы верыце ўсяму, што пішуць у газетах?

— Я дачакацца не магу «Савецкай Беларусі», — прызнаецца дзед, ківаючы на стос «СБ» на стале. — Веру, вядома.
Толькі крытычных матэрыялаў стала менш. Трэба, каб журналісты пісалі, што адбываецца пасля таго, як апублікаваны артыкул. Пакуль не даб’юцца выніку. Часцей бы крытыкавалі камерсантаў, якія сабе катэджы будуюць і на простых людзей пагардліва глядзяць, і п’яніц. У нас уся вуліца п’е, асабліва моладзь. Мала таго, што п’янствуюць, дык яшчэ і крадуць. Вось у мяне мінулым летам сусед з таварышамі два мяхі зімовых яблыкаў сцягнулі. Злавіў з доказамі злачынства. Схапіў дубіну і прагнаў. Як птушачкі праз плот пераляцелі.

— Мае рукі мяне кармілі ўсё жыццё, — кажа Гаўрылавіч. — І таму я не залежаў ад кіраўнікоў. У мяне была шмат розных спецыяльнасцяў. Баяны рамантаваў, пральныя машыны, тэлевізары. Быў электрыкам і сантэхнікам. Калі бачыў, што нехта ўмее тое, чым я не валодаю, не мог супакоіцца, пакуль не навучуся. Ніколі нікому не зайздросціў. Ведалі б вы, колькі людзей пахаваў… Як толькі хто памёр — ідуць да мяне. Раней жа на пахаванне фатографа клікалі. Я за кожнага пераплакаў, перажыў. Да гэтага часу памятаю, як бедавала жанчына, у якой пасля гібелі мужа чацвёра дзяцей на руках засталося: «Ах, шчасце ты маё кароткае…»

Па словах Мікалая Гаўрылавіча, іх сям’я заўсёды жыла сціпла.

Цяжка стала ў апошні год. Унучка паступіла ў БДУ, і ільвіная доля бюджэту сям’і сыходзіць на яе навучанне.

— Мы аддаем ёй адну пенсію — 600 тысяч рублёў. Дачка (яна прачкай у дзіцячым садзе працуе) — усю сваю зарплату — 500 тысяч. На жыццё нам траім застаецца 600 тысяч. Ратуе агарод. Прадамо расаду — і на дровы грошы адкладаем.

На ацяпленні старыя эканомяць. Печку топяць раз у дзень.

З пенсіі жонка Гаўрылавіча запасаецца крупамі і цукрам. Мяса на стале з’яўляецца не часцей чым раз у месяц. Калі трымалі курэй, бывала часцей. На сямейнай нарадзе вырашылі апошнюю курыцу перадаць унучцы-студэнтцы ў Мінск.

— І я вось думаю, што лішняе не патрэбна, — разважае дзед. — І здароўя не дадаецца, калі занадта тлуста жывеш.

— Мы цяпер лепш, чым калі, жывем. Харчаванне ёсць. Было такое, што акрамя бульбы, капусты і хлеба нічога не бачылі, — дадае яго жонка. — А цяпер у нас усё дзякуй Богу. Часам дочкі грошай дашлюць з Расіі і Казахстана. Хоць самі яны небагатыя.

На думку Валянціны Міхайлаўны, у эканамічным крызісе ў краіне вінаватыя дэпутаты.

— Валізкамі грошы крадуць. А Лукашэнка тут ні пры чым. Мне здаецца, ён нармальны. Пенсію дадае патрошку. І рабочым заробак. Яму дзе браць грошы? З неба ж яны не сыплюцца.

Гаўрылавіч лічыць інакш. Ён мяркуе, што крызіс здарыўся таму, што мы адсталі ў тэхніцы, у вытворчасці.

— Мала ў нас было сапраўдных гаспадароў, — бядуе стары. — Акрамя таго, не ўсе своечасова разлічваюцца за прадукцыю, якую мы вырабляем. Што казаць: не ўсе яе купляюць і шануюць. Еўропа нам зайздросціць, таму што на нашых землях можна багата жыць: і лес гадаваць, і хлеб — усё што заўгодна.

— Але Еўропа жыве лепш за нас сёння, — спрабую запярэчыць Гаўрылавічу. — Там людзі на пенсіі не агарод саджаюць, а падарожнічаюць.

— Яны менш пакутавалі. У нас пастаянна войны былі. Хто тут толькі не быў: і французы, і немцы… Увесь свет імкнуўся растаптаць Беларусь. Рабавалі, палілі цалкам вёскі, гэта трэба было цалкам аднавіць.

— Пасля вайны амаль семдзесят гадоў прайшло.

— Ну, дык мы ж потым камунізм будавалі…

…Па дарозе з няпаленай хаты на станцыю мне ўспомнілася мая бабуля. Са сціплай пенсіі, якую ёй «плаціў сам Лукашэнка», яна ўмудралася адкладаць зберажэнні і дапамагала ўнукам. Яна шчыра верыла, што ўсякая ўлада ад Бога і была расчуленая, калі да яе дадому без запрашэння з’яўляліся цёткі з участковай выбарчай камісіі і прасілі прагаласаваць. З пачуццём уласнай значнасці яна запаўняла бюлетэнь і не прызнавалася родным, дзе паставіла галачку.

— Мае вы дзеці, якая розніца, абы вайны не было! — прыгаворвала яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?