26.01.2012 / 12:18

МЗС: Рэзалюцыя ПАРЕ па Беларусі — сумнеўны дакумент 6

«Ва ўсіх дзеяннях такога роду апошнім часам мы бачым вельмі мала разумнага сэнсу і адсутнасць логікі», — заявіў прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных.

Прынятая ў Страсбургу рэзалюцыя Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы -«звычайны, шаблонны дакумент, напісаны на аснове сумніўных і фальшывых абвінавачанняў, узятых у інтэрнэце», заявіў прэс-сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных 26 студзеня на брыфінгу ў Мінску.

Паводле яго слоў, аўтар дакумента — дакладчык ПАРЕ па Беларусі Андрэс Херкель — не наведваў краіну і не звяртаўся па візу. Савіных падкрэсліў, што Херкеля не было сярод членаў парламенцкай дэлегацыі Эстоніі, якая наведвала Беларусь восенню 2011 года. «Гэта пра многае гаворыць, — лічыць прэс-сакратар, —

ПАРЕ нават не запрасіла беларускіх парламентарыяў на разгляд гэтага, з дазволу сказаць, опуса, што з’яўляецца дадатковым доказам прадузятасці і ангажаванасці іх падыходу».

«Ва ўсіх дзеяннях такога роду апошнім часам мы бачым вельмі мала разумнага сэнсу і адсутнасць логікі. Яны хутчэй скіраваны на абслугоўванне кар’ерных, рэпутацыйных ці палітычных патрэб саміх ініцыятараў», — заявіў прадстаўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.

***

25 студзеня ПАРЕ заклікала беларускія ўлады вызваліць і рэабілітаваць усіх палітзняволеных у краіне, правесці дакладнае расследаванне ўсіх заяў пра катаванні і жорсткае абыходжанне са зняволенымі, дазволіць адвакатам выконваць свае прафесійныя абавязкі «без страху пакарання», адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

У рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да афіцыйнага Мінска гарантаваць свабоду сходаў, спыніць прымяненне сілы для разгону акцый пратэсту і арыштаў дэманстрантаў, забяспечыць свабоду выказвання меркаванняў і спыніць націск на незалежных журналістаў і СМІ.

ПАРЕ заклікала Беларусь дазволіць аднавіць у Мінску працу офіса АБСЕ, а таксама ў поўным аб’ёме супрацоўнічаць з міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі і дазволіць наведаць краіну дакладчыкам ад ПАРЕ, органаў ААН, АБСЕ, якія накіроўвалі такія запыты.

ПАРЕ таксама заклікала ўлады прадоўжыць працэс рэфармавання выбарчага заканадаўства і практыкі яго прымянення з улікам рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ і Венецыянскай камісіі, неадкладна ўвесці мараторый на прымяненне смяротнай кары, маючы на ўвазе яе поўную адмену. Акрамя таго, у рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік не прыводзіць у выкананне смяротны прыгавор, вынесены абвінавачваным у тэрарызме Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву.

0
Петр Петрович / Адказаць
26.01.2012 / 13:04
Ва ўсіх дзеяннях такога роду апошнім часам мы бачым вельмі мала разумнага сэнсу і адсутнасць логікі», — заявіў прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных. А какая логика поддерживать в центре Европы диктатуру? У товарища савиных проблемы с логикой.
0
ВікНік / Адказаць
26.01.2012 / 13:12
Што можа адказаць таварыш савіных, як не чарговую лухту? У іх там у ўсіх праблемы не толькі з логікай, а і з сумленнем.
0
гуталін / Адказаць
26.01.2012 / 13:17
2 Петр Петрович гэта ён так завуаліравана сказаў, што еўрапейцы тупыя і іхныя санкцыі мала палохаюць хеўру
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру