Вацлаў Ластоўскі - самы знакаміты сын Глыбоччыны.

Вацлаў Ластоўскі - самы знакаміты сын Глыбоччыны.

Чалавек, які аднаго разу заявіў, што ён кніг не чытае, абвясціў 2012 год Годам кнігі. Гэты парадокс спародзіць і ўжо спараджае іншыя парадоксы.
У «Звяздзе» міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі аптымістычна рапартуе аб цывілізацыйных дасягненнях Беларусі: ва Украіне на аднаго жыхара выпускаецца адна кніга ў год, у нас — 4, у Нямеччыне і Францыі — 5–5,5 кнігі. Бачыце, як мы добра выглядаем?

Д’ябал, як вядома, хаваецца ў дэталях. Дык вось, калі дэталізаваць, пан міністр павінен быў сказаць, што львіная доля кніжнай прадукцыі ў Нямеччыне і Францыі выходзіць па-нямецку і па-французску. А беларускамоўных у Беларусі — 8,5 працэнта. Гэта значыць, 0,34 кнігі на кожнага жыхара. Або прыкладна адна кніга на траіх. (Большая частка расейскамоўных кніг на расейскі рынак і прызначаецца.)

Цікава было б параўнаць, колькі назваў беларускамоўных кніг выходзяць пад грыфам устаноў, што дзейнічаюць за межамі нашай краіны, і колькі — пад фірмай устаноў у самой Беларусі. Колькі назваў беларускамоўных кніг выпускаюць недзяржаўныя і дзяржаўныя выдавецтвы.

Пан Праляскоўскі называе зборы твораў класікаў, энцыклапедычныя выданні, якія выходзяць пад эгідай дзяржавы, але мне цікавей ведаць, колькі першых кніг маладых паэтаў і празаікаў выпусцілі за апошнія дзесяць гадоў дзяржаўныя і недзяржаўныя ўстановы. Няхай бы пахваліўся пан міністр, як дзяржава знішчыла выдавецтва літаратуры для дзяцей і падлеткаў «Юнацтва», фактычна ліквідавала газету «Чырвоная змена» і часопіс «Першацвет», а потым зачыніла газету «Раніца» і часопіс «Бярозка»…

Спадзяюся, падрабязны рапарт мы пачуем на пачатку верасня гэтага года — у Дзень беларускага пісьменства ў Глыбокім.

Наогул, цікава, як выбіраюць гарады для гэтага Дня. Дзень пісьменства дагэтуль праводзіўся ў Полацку, Тураве, Навагрудку, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Заслаўі, Мсціславе, Камянцы, Паставах, Шклове, Барысаве, Смаргоні, Хойніках і Ганцавічах. Кажуць, што праводзіўся і ў Міры, і нават удакладняюць, што на гэтае свята пісьменства і літаратуры не запрасілі чалавека, які нарадзіўся ў тых мясцінах, — Янку Брыля.

Выбар Глыбокага можна назваць удалым.
Цяперашні Глыбоцкі раён — радзіма вялікай групы людзей, якія зрабілі ўклад у беларускую культуру. Гэта і бацька сучаснага беларускага тэатра Ігнат Буйніцкі, і славуты мастак Язэп Драздовіч, і музыколаг, кампазітар, рэдактар газеты «Беларуская крыніца» і пасол на Сойм Польскай Рэспублікі Павел Каруза, і гісторык, журналіст Віктар Сянкевіч (больш вядомы як Язэп Барэйка), і пісьменнік ды фалькларыст Янка Пачопка, і пісьменнік Алесь Дубровіч, і пісьменнік ды журналіст Лявон Савёнак, і крытык ды літаратуразнаўца Тамара Чабан.

У Глыбокім жыла і атрымала пачатковую адукацыю вядомая дзяячка нашай культуры і мемуарыстка Паўліна Мядзёлка.

У Глыбокім нарадзіўся інжынер, дзяржаўны сакратар БНР Клаўдзій Дуж-Душэўскі,
які ўзвёў не адзін будынак для дзяржаўных устаноў Літоўскай Рэспублікі. А яшчэ, дзякуючы яму, былі захаваныя і дайшлі да нас рукапісы Янкі Купалы.

Гэтая зямля дала выдатнага польскага пісьменніка, аўтара знакамітага «Нікодэма Дызмы» Тадэвуша Далэнгу-Мастовіча і славіста, прафесара Ягелонскага універсітэта Здзіслава Нядзелю. Гэтая зямля дала таксама расійскага паэта, перакладчыка і філосафа Мікалая Мінскага, якога Яўген Еўтушэнка назваў дзядулем сімвалізму.

З Глыбоцкім раёнам злучаныя імёны сучасных літаратараў Людмілы Андзілеўкі, Марыі Баравік, Віталя Воранава, Віталя Гарановіча, Ірыны Жарнасек, Алеся Жыгунова, Ганны Зінкевіч, Тамаша Ляшчонка, Лявона Ракоўскага, Уладзіміра Савуліча, Алега Салтука, Галіны Сутулы, Андруся Храпавіцкага і Уладзіміра Шломана…

Адных з гэтых літаратараў улады паклічуць на Дзень пісьменства, другіх — не. Бо ў нашай краіне важна служыць не роднаму слову, не нацыянальнай культуры, а рэжыму.

Самым жа вялікім выпрабаваннем для ўлады стане імя сапраўды знакавай постаці і ў гісторыі беларускае культуры, і ў гісторыі беларускае дзяржаўнасці. Гэта прэм’ер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі, сакратар рэдакцыі «Нашай Нівы», выдавец, паэт, празаік і публіцыст, аўтар першай гісторыі Беларусі, напісанай для беларусаў па-беларуску, і знакамітай «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі Вацлаў Ластоўскі.
Сярод тых, хто нарадзіўся на тэрыторыі цяперашняга Глыбоцкага раёна (Ластоўскі прыйшоў на свет у 1883 у засценку Калеснікаў Дзісенскага павета Віленскай губерні, цяпер Плісенскі сельсавет Глыбоцкага раёна), ён, па-мойму, — першая постаць.
Я жыву ў чаканні Дня пісьменства ў Глыбокім.
Мне вельмі цікава, як улада вырашыць у час падрыхтоўкі і правядзення гэтага свята «праблему Ластоўскага». «Праблему Дуж-Душэўскага» яна ўжо вырашыла: садрала са сцяны мемарыяльную дошку, усталяваную глыбоцкімі актывістамі ў 2008-м, — і амэн. Цяпер перад ёю «праблема Ластоўскага». Што ні кажы, а Ластоўскі — акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?