Праваабаронца Алесь Бяляцкі, які знаходзіцца ў следчым ізалятары Жодзіна, адчувае сябе нармальна. Пра гэта БелаПАН паведаміла яго жонка Наталля Пінчук, якая сустрэлася з мужам у ізалятары 27 студзеня.

Паводле яе слоў, сустрэча доўжылася каля гадзіны. «Адчувае Алесь сябе добра, на здароўе не скардзіўся, перадаваў усім прывітанні. Галоўным чынам мы гаварылі пра навіны, пра сямейныя справы і гэтак далей», — адзначыла Пінчук.

Яна сказала, што адміністрацыя следчага ізалятара Жодзіна пакуль не атрымала з Мінскага гарадскога суда рашэнне аб адмове Бяляцкаму ў задавальненні касацыйнай скаргі на яго прыгавор. «Як мне паведамілі ў адміністрацыі, як толькі рашэнне будзе атрымана, на працягу дзесяці дзён Бяляцкага павінны размеркаваць у якую-небудзь калонію для адбыцця пакарання. А пакуль нават не паведамляецца, куды яго перавядуць», — сказала Пінчук.

Жонка асуджанага праваабаронцы таксама адзначыла, што тэрмін у дзесяць дзён вельмі ўмоўны:

«Могуць адправіць у калонію раней, могуць — пазней. Усё залежыць ад таго, калі будзе этапаванне».

***

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі 24 лістапада 2011 года прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Ён прызнаны вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры.

24 студзеня 2012 года судовая калегія Мінскага гарадскога суда пакінула прыгавор у сіле. На рашэнне суда не паўплываў той факт, што сума ўрону, які нібыта нанёс дзяржаве Бяляцкі (757 млн. 526 тыс. 717 рублёў, ці прыкладна 90 тыс. долараў) была пераведзена 18 студзеня на рахунак суда Першамайскага раёна.

Міжнародная дэмакратычная грамадскасць, кіраўніцтва Еўрасаюза, ЗША і шэрагу іншых краін лічаць яго палітзняволеным і патрабуюць ад афіцыйнага Мінска вызвалення праваабаронцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?