Пра тое, што частату 105,1 МГц могуць перадаць радыё «Сталіцы», распавёў дырэктар гэтай радыёстанцыі.

«Мы падалі заяўку, каб нам далі частату ў ФМ дыяпазоне. Нам сказалі, што дадуць… Напэўна, гэта будзе 105,1»,
— прызнаецца дырэктар радыё «Сталіца» Алег Міхалевіч.

Міністэрства інфармацыі пакуль нічога канкрэтнага не кажа. Але рашэнне можа быць прынятае хоць заўтра, мяркуе дырэктар «Аўтарадыё» Юрый Базан.

«Трэба проста чакаць. Калі будзе пасяджэнне Камісіі — невядома. Яна ў прынцыпе збіраецца не радзей, чым раз у два месяцы. Але гэта можа здарыцца і ў панядзелак… І — праз месяц».

Спачатку РУП «БелГІЭ» павінен адабраць частоты,
распавядае намеснік начальніка сектара ўпраўлення радыёчастотным рэсурсам Міністэства сувязі і інфарматызацыі Юрый Чычын.

«Мінінформ нам адправіў заяўку на разгляд магчымасці выкарыстання частаты (105,1 МГц). Літаральна ўчора мы накіравалі яе ў РУП БелГІЭ, інспекцыі па электрасувязі. Яны будуць праводзіць працу — адбіраць частату…»

Між тым, Аўтарадыё дагэтуль працягвае плаціць за частату. Пакуль частоты аплачаныя да 31 сакавіка 2012 года.
І сума набегла немалая, — кажа Юрый Базан. «Мы заплацілі да канца сакавіка. За год мы заплацілі больш за 16 мільёнаў».

***

12 студзеня 2011 рэдакцыя «Аўтарадыё» атрымала прадпісанне Мінсувязі аб спыненні дазволу на права выкарыстання частот. Загад аб спыненні вяшчання Аўтарадыё быў вынесены на падставе рашэння Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні. На ім стаяў подпіс старшыні камісіі Алега Праляскоўскага.

Афіцыйнай прычынай пазбаўлення радыёстанцыі частот стала «невыкананне творчай канцэпцыі і распаўсюджванне інфармацыі, якая змяшчае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці».

Падчас выбарчай кампаніі «Аўтарадыё» пускала ў эфір ролікі кандыдатаў у прэзідэнты Саннікава і Някляева, дзе тыя заклікалі прыходзіць «на плошчу».

Але яшчэ раней дырэктар «Аўтарадыё» Юрый Базан выказваў меркаванне, што прычына спынення вяшчання — іншая. «Я не ведаю, якая б там з’явілася радыёстанцыя, і што б гэта было. Магчыма, у такім разе атрымоўваецца, што нас закрылі не ў сувязі з рэкламай, а таму, што камусьці спатрэбіліся частоты? Хаця, на іх яшчэ ніхто не з’явіўся… Але калі мы плацім за гэтыя частоты, мы іх не можам нікому перадаць! Хаця, ў нашай дзяржаве можа быць рознае».

З 1999 г. «Аўтарадыё» працавала на частаце 67,7 МГц. З 2001 года да яе дадалася яшчэ адна частата — 105,1 МГц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?