Указ № 7 ад 5 студзеня «Аб некаторых пытаннях пераўтварэння рэспубліканскіх унітарных прадпрыемстваў у адкрытыя акцыянерныя таварыствы» супярэчыць заканадаўству і нацыянальным інтарэсам Беларусі, гаворыцца ў заяве сойма Партыі БНФ,
прынятай на пасяджэнні 28 студзеня ў Мінску.

Нагадаем, указам вызначаны пералік з 54 рэспубліканскіх унітарных прадпрыемстваў, пры пераўтварэнні якіх у адкрытыя акцыянерныя таварыствы ў 2011—2013 гады акцыі, што належаць Рэспубліцы Беларусь, не падлягаюць продажу на льготных умовах за грашовыя сродкі.

У заяве адзначаецца, што, такім чынам, рабочыя гэтых прадпрыемстваў «фактычна пазбаўляюцца права на ўдзел у акцыянаванні сваіх заводаў і прамысловых аб'яднанняў».

Сойм лічыць, што падпісаннем указа

«зроблены чарговы крок на шляху юрыдычнай падрыхтоўкі да здачы эканамічнага суверэнітэту краіны праз непразрыстую і несправядлівую прыватызацыю, якая рыхтуецца на карысць замежнага, як сведчыць практыка — у асноўным алігархічнага расійскага, капіталу і без удзелу нацыянальнага капіталу».

Вядомая грамадству інфармацыя, якая тычыцца продажу «Белтрансгазу», на думку сойма, сведчыць, што

«тайная і непразрыстая прыватызацыя не толькі не вырашае бягучых эканамічных праблем Беларусі, але і ставіць краіну ў становішча паўкаланіяльнай тэрыторыі з абмежаваным дзяржаўным суверэнітэтам».

Пры гэтым у заяве адзначаецца, што

падпісанне ўказа было б апраўдана «ва ўмовах правядзення комплексных рэформ у кірунку лібералізацыі пры строгім вяршэнстве закона і празрыстасці прыватызацыйных дамоўленасцей»
і прывяло да прыцягнення інвестыцый, у тым ліку для забеспячэння эканамічнага росту ў краіне.

«Але ў сённяшняй сітуацыі поўнага дамінавання расійскага алігархічнага капіталу ў пытаннях доступу да прыватызацыі найбольш эфектыўных беларускіх прадпрыемстваў такі крок толькі спрашчае для расійскіх алігархаў атрыманне кантролю над беларускімі заводамі, што падрывае эканамічны суверэнітэт краіны», — гаворыцца ў заяве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?