29.01.2012 / 11:59

«На змену «чарнілу» прыйдуць вінаградныя віны горшай якасці» 4

Не кожнае вінаграднае віно беларускай вытворчасці параўнаецца з пладова-ягадным, кажа вытворца.

Канцэрн «Белдзяржхарчпрам» заяўляе аб тым, што заводы па выпуску пладова-ягадных вінаў у гэтым годзе вымушаныя будуць пераарыентавацца на вытворчасць іншай прадукцыі. Як гукнецца прадпрыемствам гэта новаўвядзенне, і чым будуць паіць народ вытворцы «чарнілаў»?

— У гэтым годзе мы практычна сыдзем ад вытворчасці ардынарных він з вялікім утрыманнем збожжавага спірту, застанецца вытворчасць вінаў палепшаных тэхналогій, у якіх да 10% спірту будзе натуральна зброджанага, — прыводзіць БелаПАН словы старшыні канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Івана Данчанкі на прэс-канферэнцыі ў Мінску 27 студзеня.

Данчанка лічыць, што вінзаводы маглі б на мясцовым сыравіну пачаць вытворчасць бальзамаў, лікёраў, настоек, безалкагольных напояў, замарожанай садавіны і ягад, сокаў. Пладовым вінаробствам ў Беларусі займаюцца 60 прадпрыемстваў рознай формы ўласнасці.

У аб’ёме вырабленай прадукцыі віна-гарэлачнага завода «Колас» УП «ДАРОРС» 95% займаюць пладова-ягадныя віны. На думку дырэктара прадпрыемства Сяргея Сячко, ураду варта вызначыцца: забараніць вытворчасць пладова-ягадных вінаў або пакінуць усё, як ёсць.

— З аднаго боку, нам ніхто нічога не забараняе вырабляць. З іншага — адміністрацыйным метадам аблвыканкамы ўводзяць зоны, свабодныя ад пладова-ягадных вінаў. Мінюст прызнаў, што гэта незаконна. І вытворцы могуць без праблем выйграць суды, — упэўнены Сяргей Сячко.

Паводле яго слоў, «чарнільныя» забароны прывялі да зніжэння аб’ёму продажаў на 50%.

— Тым не менш, мы нічога не страцілі. Выраблялі канцэнтраваныя сокі. Зразумела, што пладова-ягадныя віны задушаць акцызамі. Таму прыйдзецца вырабляць іншую прадукцыю.

На заводзе закуплена лінія па разліве вінаградных він, абсталяваны цэх для купажу. Патрабуюцца дадатковыя ўліванні ў памеры 50 тысяч даляраў, якія прадпрыемства плануе атрымаць з уласных рэсурсаў.

— Калі яны хочуць вінаграднае віно — яны яго атрымаюць. Іншае пытанне, якой якасці? У Беларусі ж вінаграднікі не растуць, — разважае дырэктар заводу «Колас». — Я памятаю, якую сыравіну нам пастаўлялі з Кабардзіна-Балкарыі: з сінтэтычнымі фарбавальнікамі, з утрыманнем тэхнічнага спірту… На мой погляд, не кожнае вінаграднае віно беларускай вытворчасці параўнаецца з пладова-ягадным. У апошніх забароненыя араматызатары. Яны больш натуральныя.

Сам Сяргей Сячко пладова-ягадныя віны не ўжывае, аддаючы перавагу ім шатландскі віскі або айчынныя саракаградусныя настойкі.

— Але як вытворца я ведаю, што гэтыя віны па якасці цяпер лепшыя, чым у часы СССР, — дзеліцца вынікамі ўласнай дэгустацыі суразмоўца. — Памятаю, што ў пладова-ягадным 1984 года выпуску маглі недагрызкі плаваць!

Ён лічыць, што «чарнільныя» забароны пітушчы народ не спыняць.

— Вы ж ведаеце, што народ з віна пераходзіць на адэкалон і самагонку з курыным памётам, — рэзюмаваў дырэктар завода.

Ад пераарыентацыі на вінаградныя віны, у першую чаргу, пацерпяць сельскія жыхары, мяркуе Сяргей Сячко.

— Мы будзем за валюту купляць у Малдавіі вінаматэрыял, а страцяць нашы садоўнікі, якім няма куды будзе падзець сваю прадукцыю. Міністэрства эканомікі павінна заклапаціцца, каб нашы яблыкі і ягады не згнілі і не зніклі.

У мінулым годзе, паводле звестак Белстата, беларусы выпілі 17 932 300 дал «чарнілаў», уключаючы напоі вінныя пладова-ягадныя. А некаторыя вытворцы нават пастаўлялі пладовыя віны на экспарт. У рыжскай краме можна знайсці беларускія «чарнілы» па рэкорднай цане — у пераліку 99 000 беларускіх рублёў!

0
Alejandro / Адказаць
29.01.2012 / 12:56
Пра яблыкі беларускія клапоціцца. Хай робіць кальвадос.
0
для "любiмага" народа / Адказаць
29.01.2012 / 13:25
усё "лепшае" -- для народа. А. Г. Лукашэнка
0
Павел / Адказаць
29.01.2012 / 13:29
мда, напиток богов.
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру