У ходзе маючага адбыцца візіту кіраўніка беларускай дзяржавы ва Украіну будзе разгледжаны шэраг пытанняў супрацоўніцтва і двухбаковых пагадненняў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь ва Украіне Валянцін Вялічка.

У іх ліку — Консульская канвенцыя, пагадненні аб спрошчаным парадку перасячэння пагранпераходу Славуцічы — Камарын, аб парадку перадачы асуджаных па лініі МУС, пратакол аб ахове раслін. Аднак самым галоўным дакументам, які плануецца падпісаць у ходзе візіту ў Кіеў, з’яўляецца Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Кабінетам Міністраў Украіны і Урадам Рэспублікі Беларусь у энергетычнай сферы. Ён ужо ўзгоднены бакамі, парафіраваны і праходзіць унутрыдзяржаўныя працэдуры, звязаныя з яго падпісаннем. Гэта актуальны і патрэбны дакумент, у якім будуць адлюстраваны пытанні энергетычнай бяспекі дзвюх дзяржаў, адзначыў дыпламат.

У прыватнасці, прапрацоўваецца пытанне аб будаўніцтве новай лініі электраперадачы Ровенская АЭС — Мікашэвічы, якая дасць магчымасць не толькі павялічыць пастаўкі ўкраінскай электраэнергіі ў Беларусь, але і забяспечыць яе транзіт праз нашу краіну ў Польшчу, Літву, Латвію. Як вядома, Беларусь з’яўляецца актыўным спажыўцом украінскай электраэнергіі. Толькі ў 2006 годзе рэспубліка імпартавала больш як 2,5 млрд. кВт.гадз на суму $50 млн. У 2007 годзе пастаўкі будуць павялічаны да 3,5 млрд. кВт.гадз. З гэтай мэтай плануецца аднавіць тэхнічны стан ліній электраперадачы Чарнігаў — Гомель і ЧАЭС — Мазыр, якія больш за 13 гадоў не былі задзейнічаны. Немалаважнае месца ў забеспячэнні энергетычнай бяспекі дзвюх краін займае таксама супрацоўніцтва ў газавай сферы, адзначыў Валянцін Вялічка. Размова ідзе аб сумесным выкарыстанні абсталявання, магістральных газавых трубаправодаў, а таксама ўкраінскіх газавых сховішчаў.

Акрамя таго, з мэтай эксплуатацыі па рэверсу ў напрамку Рэспублікі Беларусь запланавана рэканструкцыя газаправода «Івацэвічы — Даліна». Таксама, паводле слоў пасла, у бакоў ёсць пэўная зацікаўленасць у рэалізацыі праекта транспарціроўкі каспійскай нафты па нафтаправодзе «Адэса — Броды». Сёння па ім праходзіць больш за 20 млн.т нафты.

Частка нафты (якая транспартуецца з Мазыра на Броды) паступае ў Чэхію, Славакію, Паўднёвую Германію, а частка — у рэверсным напрамку ў адэскі порт «Паўднёвы». Акрамя таго, прадугледжваецца, што ў ходзе сустрэчы кіраўнікоў дзвюх дзяржаў будуць закрануты пытанні, што датычацца міжнародных ініцыятыў, добрасуседскіх адносін паміж Беларуссю і Украінай, адзначыў Валянцін Вялічка. Ён таксама паведаміў, што ў склад беларускай дэлегацыі ўвойдуць кіраўнікі МЗС, МУС, міністэрстваў фінансаў, прамысловасці, сельскай гаспадаркі і харчавання, МНС і шэрага іншых ведамстваў. Гэтаму мерапрыемству, паводле слоў Валянціна Вялічкі, папярэднічала грунтоўная падрыхтоўка.

Напярэдадні ў Кіеве адбыліся рабочыя сустрэчы першага намесніка прэм’ер‑міністра Беларусі Уладзіміра Сямашкі, кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў з украінскімі калегамі, а таксама кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Генадзя Нявыгласа з кіраўніцтвам Сакратарыята прэзідэнта Украіны, у час якіх былі ўзгоднены ўсе пытанні, што датычацца гэтага візіту. На 22 лютага запланавана рабочая паездка ў Мінск намесніка кіраўніка Сакратарыята прэзідэнта Украіны Аляксандра Чалага, які курыруе пытанні міжнароднага супрацоўніцтва. Валянцін Вялічка падкрэсліў зацікаўленасць украінскага боку ў падрыхтоўцы маючага адбыцца візіту кіраўніка беларускай дзяржавы ва Украіну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?