У лютым беларускія ўлады маюць намер абмеркаваць з місіяй Міжнароднага валютнага фонду пытанне аб новай крэдытнай праграме. Пра гэта паведаміла старшыня праўлення Нацыянальнага банка Надзея Ермакова на прэс-канферэнцыі ў Мінску 30 студзеня.

Паводле яе слоў, хадайніцтва Беларусі аб новай праграме зараз знаходзіцца ў МВФ.

«У лютым мы будзем зноў весці размову па гэтым пытанні. Наша прапанова — рэфінансаваць тую запазычанасць, якая ёсць у нас перад МВФ», — сказала Ермакова.

Запазычанасць Беларусі перад МВФ зараз складае 3,8 млрд. даляраў, дадала кіраўнік Нацбанка.

Як раней паведамлялася, у 2012 годзе Беларусь павінна адправіць на пагашэнне знешняга дзярждоўгу больш як 1,6 млрд. долараў. У наступныя два гады (2013–2014) штогадовыя плацяжы па пагашэнні знешняга дзярждоўгу перавысяць 3 млрд. долараў.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, новы крэдыт МВФ можа выдзеліць Беларусі ў тым выпадку, калі афіцыйны Мінск пагодзіцца на праграму рэформ, якая будзе ўключаць жорсткую грашова-крэдытную і бюджэтна-падатковую палітыку, а таксама структурныя змяненні ў рэальным сектары эканомікі.

Ермакова таксама паведаміла, што Нацбанк у лютым знізіць стаўку рэфінансавання, і што Беларусь пакуль не гатовая да ўвядзення расійскага рубля.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?