На наступным тыдні дэлегацыя беларускай апазыцыі мае наведаць Вашынгтон. У склад яе ўваходзяць Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Ірына Казуліна і Сяргей Мацкевіч. Спачатку меркавалася, што ў склад дэлегацыі ўвойдзе і Аляксандар Мілінкевіч, і нават плянавалася сустрэча беларусаў з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам. Аднак Мілінкевіч згоды на паездку ня даў. Таму, імаверна, і ўзровень сустрэчаў будзе адпаведна ніжэйшы.

Афіцыйнае тлумачэньне з вуснаў палітычнага дарадцы Мілінкевіча Андрэя Кусельчука: «Ніякіх паездак да 25 Сакавіка не павінна быць. Мілінкевіч вырашыў засяродзіць сваю працу выключна на справах Беларусі й падрыхтоўцы да 25 Сакавіка. Аляксандар Мілінкевіч будзе езьдзіць па рэгіёнах».

У кулюарах гавораць, што Мілінкевіч выказаў такім чынам сваё стаўленьне да амбіцый асобных сяброў дэлегацыі і дзейнасьці іхных амэрыканскіх партнэраў.

Анатоль Лябедзька ўжо выказаў сваю незадаволенасьць у інтэрвію радыё «Свабода»: «Магчыма, Мілінкевіч паедзе асобна ў іншай канфігурацыі, але выснова адна — калі дзьве паездкі, то гэта будзе ня той узровень сустрэчаў. Мы будзем, можа, другая і трэцяя дэлегацыя, гаварыць пра Беларусь, але значна зьнізіўшы магчымасьць, каб гэты голас пра Беларусь быў пачуты. Ня думаю, што гэта канструктыўна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?