Удзельнікі яркіх беларускіх альтэрнатыўных каманд 1990-х і 2000-х расказалі «Тузіну Гітоў» пра лёс сваіх праектаў, якія зусім зніклі з далягляду ў апошнія гады.
Слава Корань чакае басіста з Канады, каб пачаць працу над новым дыскам, Скрыпа ўжо запісаў чатыры новыя альбомы, удзельнікі Rasta засяродзіліся на новым праекце, але пра смерць свайго гурта казаць не хочуць, Лявон Вольскі таксама не мае жадання хаваць свой праект ZET.

ULIS выступае ў Полацку. 2009.

ULIS выступае ў Полацку. 2009.

Сайт гурту ULIS Ulis.by пяць гадоў як не абнаўляецца. Апошняя навіна датуецца летам 2007 года, у ёй паведамляецца пра тое, што з’явілася англійскамоўная версія старонкі. Сам гурт на чале са Славам Коранем апошні альбом «Люстэрка» выдаў у 2003 годзе і выступіў ужывую за гэты час лічаныя разы. Лідар каманды раз-пораз запэўніваў у інтэрв’ю, што мае нямала матэрыялу для новага альбома, і чуткі пра распад гурту называў лухтой. Апошнія выступы каманды датуюцца 2009 годам. Тады ULIS даў сольны канцэрт у Полацку ў красавіку ды ў жніўні ўзяў удзел у фэсце Be Free, што праводзіўся ў Чарнігаве.

На пытанне, ці можна лічыць жывым ягоны гурт, музыка адказаў з гумарам: «Не дачакаецеся!».
«ULIS жывы, як і ўсе астатнія беларускія рок-гурты ў сучаснай сітуацыі ў нашай краіне. А сітуацыя тая ўсім добра вядомая», — кажа Слава. Сам ён жыве доўгі час у Польшчы, а басіст гурта Віктар Самарукаў — у Канадзе. «Як толькі Віця вернецца, адразу бярэмся рабіць новую праграму», — абяцае лідар ULIS.

ULIS — Устану ранкам (МР3)

ULIS — На маёй вуліцы, відэа з канцэрта ў Полацку, 25 красавіка 2009

Гурт zygimont VAZA сёлета будзе адзначаць 25-гадовы юбілей,
калі весці адлік ад 1987 года, калі лідар каманды сабраў першы яе склад яшчэ пад назвай Bastinda (пад цяперашняй назвай музыкі выступаюць з 1989 года). На сайце каманды наогул нічога не паведамляецца пра яе дзейнасць. Апошні па часе, дзясяты альбом каманды «Distortion» датуецца 2007 годам. Ён упершыню быў запісаны з жаночым вакалам, у склад гурта тады ўвайшла Вольга Самусік. Праз два гады лідар zygimont VAZA Сяргей «Скрыпа» Скрыпнічэнка яшчэ нагадаў пра сябе сольным інструментальным альбомам, выдадзеным пад назвай «Rebe Skrypa». З таго часу ад Сяргея нічога новага не чуваць.

Між тым, Скрыпа жывы і здаровы і музыку кідаць не збіраецца.

«У стане 90% гатоўнасці ажно чатыры альбомы за перыяд 2007–2011, — кажа Сяргей. — Даводка ідзе са страшным скрыпам, прабачце за каламбур. Усе — людзі сямейныя з дзецьмі, а асноўны час траціцца на зараблянне грошай.
Карацей, як ва ўсіх збольшага». Цяпер рыхтуецца да рэлізу чарговы альбом zygimont VAZA, які будзе звацца «Agromegapolis». Да ўсяго, Скрыпа заснаваў гурт, які завецца The Blue Devils. Новая музычная фармацыя запісала ўжо тры альбомы. «Пры адсутнасці якой-кольвек выдавецкай сістэмы на мяне не ціснуць аніякія прадусары ці кантракты. Таму ўсё так расцягнулася ў часе. Дэфіцыт кадраў зноў-такі», — тлумачыць сваё шматгадовае маўчанне музыка. Аніякіх тэрмінаў рэлізаў ён называць не бярэцца, а пра ўсе справы абяцае паведамляць на сваім новым сайце.

zygimont VAZA — ContraБанда (МР3)

zygimont VAZA — кліп на песню «Лякарня», 2008

Гурт Rasta некалькі гадоў лічыўся адным з лідараў беларускай цяжкай сцэны. Іх альбом The Age of Movement (2006) прадусаваў Б’ёрн Энгельман, заўважаны ў працы з In Flames і Rammstein. Рэдкі выпадак для каманды з Беларусі, калі свой дыск музыкі прэзентавалі ў шэрагу еўрапейскіх краінаў, прычым часам на вялізную аўдыторыю. У тым жа 2006 годзе Rasta выступіла на фэсце Przystanek Woodstock перад аўдыторыяй у 300 тыс. чалавек. Да ўсяго іх альбом быў выдадзены для Еўропы, Азіі і Афрыкі пад маркай EMI Music. У 2007 годзе Rasta атрымала перамогу у трох намінацыях на цырымоніі «Рок-Каранацыя», у тым ліку і Вялікую карону як найлепшы гурт года. Далей гурт працягнуў ездзіць па вялікіх фэстах ды асвойваць новыя тэрыторыі —

іх дыск The Age Of Meridium трапіў на музычны рынак Калумбіі, а таксама быў выдадзены ў Новай Зеландыі ды Аўстраліі. Але пасля гэтай аптымістычнай навіны гурт сціх.
Летам 2009 года лідар і гітарыст каманды Павел Паўліхін сказаў тое, пра што пачалі здагадвацца: гурт
Rasta спыніў сваю дзейнасць. Тым не менш, музыкі сабраліся разам дзеля выступу на гомельскім Mass Medium Fest летам 2010 года. Гэта і ёсць апошні па часе канцэрт каманды.

«Я б не лічыў той выступ развітальным, — кажа цяпер Павел Паўліхін. — Пра смерць каманды дагэтуль не абвешчана, ды і жалобы не назіраецца». Са словаў Паўла, музыкі не дасягнулі мэтаў, якія перад сабой ставілі. Іх не задавальняў статус «лакальных знакамітасцяў» і хацелася большага. «Не скажу, што мы не мелі сілаў, каб дасягнуць сур’ёзных вынікаў. Проста надакучыла ўсё ў пэўны момант, і было вырашана гурт гэты пакінуць у спакоі ды засяродзіцца на новым музычным праекце». Імавернасць аднаўлення дзейнасці гурта Rasta заўжды застаецца, адзначае Павал.

Rasta — жывы кліп на «Burning Black», 2006

Апошнія згадкі пра адзін з самых яскравых беларускіх рок-праектаў2000-х — гурт ZET — губляюцца ў жніўні 2008 года. Тады каманда апошні раз выступіла ўжывую. Было тое на фэсце Be Free у Львове. Сайта ў яе даўно няма, затое ёсць суполка прыхільнікаў.

Пік актыўнасці музыкаў, што выступалі заўжды ў масках і хавалі свае добра ўсім вядомыя імёны пад мянушкамі, прыпаў на 2000—2003 гг., калі быў запісаны дэбютнік «З новым годам!» ды аснова для другога альбома, выдадзенага праз некалькі гадоў пад назвай «radzima.com». Але цікавасць да праекта падмацоўвалася і далей — кліпам на песню «Калгас», які з недагляду нават паказалі па БТ; шыкоўнай песняй «Белакрылы анёл», якой у 2005 годзе доўгі час не было канкурэнтаў на «Тузіне Гітоў» ды рэдкімі, але звышэмацыйнымі выступамі на фэстах. «Для мяне ў пэўны час ідэя ZET вычарпала сябе, — кажа цяпер голас праекта Лявон Вольскі. — Мы вельмі шмат сказалі сваімі двума альбомамі. Паколькі мы абралі шлях паўпадпольнага гурта, то не мусілі выходзяць на сцэну нейкіх пафасных мерапрыемстваў. І так без піяру спачылі ў андэрграўндзе». Спробы рэанімаваць праект былі. У 2008 годзе паўстаў праект на адзін канцэрт — ZET Family. Ролю вакалістаў там выконвалі Саша Ракавец з IQ48 і Аляксандр Памідораў. «У нас засталося даволі шмат напрацовак. Была ініцыятыва з боку іншых музыкаў аднавіць праект, але

я не здолеў на той момант знайсці ў сабе сілы, каб працягнуць ZET, — прызнаецца Лявон і дадае: — Але гэты праект працягваюць іншыя гурты. Напрыклад, першы склад ZET грае на апошнім альбоме Pomidor/off».
Музыка не схільны канчаткова хаваць гэты праект: «Калі я не здольны ім займацца цяпер, гэта не значыць, што я ніколі ім не займуся. Праз некаторы час такая магчымасць можа з’явіцца, не выключаю гэтага».

ZET — Радзіма-свабода, жывое відэа з канцэрта ў Шчэціне (Польшча), 24 верасня 2000

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?